Вольга Гальпяровіч
  2010-08-02 16:37:05  cri  [  Паслаць сябру ] [  Распячатаць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Каб спаўна спазнаць краіну, народ, вельмі важна не толькі прачытаць важнейшыя звесткі пра яго гісторыю, культуру, варта пабываць у тых мясцінах, авеяных славай многіх пакаленняў, а таксама захапляючымі міфамі і паданнямі, дайшоўшымі да нас з глыбіні стагоддзяў.

Такой краінай у гэты момант стаў для мяне Кітай.

Многія з маіх суайчыннікаў з самага дзяцінства чыталі, чулі пра вялікае і загадкавае Сярэдзіннае Царства ( літаральна 中国 - Чжунгуо) , чыя цывілізацыя налічвае сем тысячагоддзяў. Хто не марыў убачыць гэту краіну? І я таксама яшчэ школьніцай чытала пра Вялікую Кітайскую сцяну, пра Канфуцыя, пра кітайскую оперу, захаплялася цудамі валодання сваім целам манахамі манастыра Шаалінь і майстрамі ушу ў кіно, і не магла сабе ўявіць, што лёсам выпадзе працаваць і жыць у самім Пекіне –сталіцы вялікай усходняй дзяржавы.

Праўда калісьці яшчэ ў дзіцячым садку адзін хлопчык з маёй групы сказаў сваёй маці, паказваючы на мяне: "Паглядзі, які ў гэтай дзяўчынкі круглы твар, падобны на месяц. Яна, мабыць, кітаянка". І вось, узгадваючы той выпадак і седзячы ў самалёце, які ляцеў у Пекін, я падумала, што, мажліва, усё ж лёсам было-такі наканавана мне пабываць у гэтай краіне.

Мне выпаў вялікі гонар і вялікае шчасце прыехаць сюды працаваць на Міжнародным радыё Кітая, расказваць сваім суайчыннікам на іх роднай

мове пра гэту цудоўную краіну, пра яе сучаснасць і гісторыю, пра цікавую культуру і часам містычныя традыцыі.

Цяжка перадаць мае пачуцці, калі пабывала ў такіх славутых месцах, як Вялікая Кітайская сцяна, да таго ж яшчэ менавіта на не рэстаўраваным участку непадалёк ад цудоўнага пасёлка Губэйкоў. Я стаяла і не верыла сама сабе: няўжо я на самай справе на Вялікай Кітайскай сцяне, пра якую столькі чула і чытала, няўжо бачу гэтую вышыню і прасторы!.. А кажуць жа: нельга лічыць, што пабываў у Егіпце, калі не бачыў пірамід, нельга лічыць, што пабываў у Кітаі калі не падняўся на Вялікую сцяну.

А Храм неба, а музей "Гугун" – у мінулым рэзідэнцыя кітайскіх імператараў!.. А пекінскі батанічны сад!

Але сучасны Пекін – гэта незвычайныя архітэктурныя збудаванні, гэта павевы часу і вельмі смелыя эксперыменты, як, напрыклад, стадыён "Птушынае гняздо", водны куб –комплекс для водных відаў спорта, які свеціцца ўначы і сапраўды нагадвае ваду і бурбалкі, які ўтвараюцца ў ёй. А вялізнае "яйка" ля плошчы Цяньанмэнь, якое цяпер для ўсіх прафесіаналаў музыкі і танца, балета і драмы ўяўляе вялікую цікавасць, бо гэты будынак ад французскага архітэктара Поля Андро стаўся сапраўднай жамчужынай сучаснага Кітая і да таго ж напаўняе зместам вялізныя пласты мастацтва краіны. Бо гэты архітэктурны цуд у выглядзе "Сферы,эліпса, яйка", будаўніцтва якога працягвалася шэсць гадоў ні што іншае, як Нацыянальны Цэнтр выканальніцкіх мастацтваў або Вялікі тэатр Пекіна. І тут мне таксама за гэтыя месяцы давялося перажць мноства эмоцый, адкрыццяў і перажыванняў, сустрэч з цудоўнымі калектывамі і выканаўцамі.

Нельга забывацца таксама на прыгожыя куточкі па-за межамі сталіцы, напрыклад, на Жоўтае мора ў слаўным гарадку Байдайхэ, напоўненае святлом, цеплынёй. Яно, як і любое мора ў свеце, мае свой асаблівы характар і колер, з-за якога і атрымала сваю назву. За вельмі кароткі час мне пашчасціла пазнаёміцца з многімі памятнымі мясцінамі Кітая. А колькі яшчэ хочацца пабачыць! І расказаць пра ўсё, і падзяліцца ўражаннямі з землякамі.

Я шмат гадоў працавала на Беларускім радыё ў Мінску, на канале "Культура", закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пабывала ў многіх краінах Еўропы : Германіі , Італіі, Францыі, Швецыі, Польшчы, Літве, а таксама наведала Грузію, Украіну, Расію ... І з радасным пачуццём прыехала на працу ў Кітай. Для нашай Беларусі Кітай быў і застаецца верным сябрам і партнёрам. А сябра трэба спазнаваць лепш і глыбей. У гэтым бачу сваю асноўную задачу – каб беларусы як мага больш даведваліся пра вялікі кітайскі народ, пра яго гісторыю і сённяшні дзень, каб беларуская старонка на сайце Міжнароднага радыё Кітая была мастом дружбы паміж нашымі народамі.-0-

Спасылкі па тэме
Каментаваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040