Выставы "Шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь" і скульптура Сяргея Селіханава і Канстанціна Селіханава адкрыліся у Нацыянальным мастацкім музеі Кітая ў Пекіне
  2017-10-25 18:23:06

24 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця двух выстаў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: "Шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь", прысвечаная 25-годдзю з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, і "Выстава беларускай скульптуры Сяргея Селіханава і Канстанціна Селіханава".

Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітаі Кірыл Руды ў сваёй прывітальнай прамове адзначыў, што вельмі рады прысутнічаць на адкрыцці выставы, прысвечанай 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі, якая, да таго ж, праходзіць у час вызначальнай палітычнай падзеі Паднябеснай – 19-га з'езда КПК.

"Адносіны паміж нашымі дзяржавамі ў галіне культуры развіваюцца вельмі дынамічна: сёлета мы правялі Дні культуры Беларусі ў Пекіне, мы адкрылі Беларускі культурны цэнтр у сталіцы Паднябеснай і правялі некалькі выстаў, у тым ліку, і гэты маштабны праект, які адкрываецца сёння. Я хачу падзякаваць спадара У Вэйшаня, дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Кітая за такую магчымасць – на цудоўнай пляцоўны ў цэнтры горада прадставіць творчасць беларускіх майстроў жывапісу і скульптуры. Сённяшняя выстава – доказ сувязі пакаленняў, таго, што мы не забываемся на сваё мінулае, якое ўплывае і на будучае. Дзякуючы падобным праектам мы становімся бліжэй і пачынаем разумець адно аднаго нават без ведання мовы", -- адзначыў усваёй прамове Кірыл Руды .

Экспазіцыю выставы "Шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь" (24.10–12.12) складаюць 57 жывапісных твораў з калекцыі беларускага мастацтва ХIХ–ХХI стагоддзяў і рускага мастацтва канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя. Гэты сумесны выставачны праект закліканы пазнаёміць жыхароў і гасцей Пекіна з выдатнымі палотнамі знакамітых майстроў рускага і беларускага мастацтва.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў адзначыў, што вельмі ўсцешаны тым, як развіваецца супрацоўніцтва паміж дзвюма ўстановамі і выказаў задаволенасць увасабленнем гэтага праекта.


 

Трохчасткавая структура выставачнага праекта дае магчымасць убачыць узаемасувязі рускага і беларускага мастацтва, паказаць асаблівасці развіцця беларускага мастацтва ў кантэксце традыцый і сучаснасці, адлюстроўвае прыклад актыўнага творчага дыялогу майстроў розных пакаленняў, розных мастацкіх традыцый і стылявых інтарэсаў.

Куратар выставы Кацярына Ізафатава таксама ўзрадавана вынікам і расказала пра некаторыя дэталі і мэты экспазіцыі


На выставе прадстаўлены работы такіх знакамітых майстроў рускага мастацтва, як І. Рэпін, І. Левітан, І. Шышкін, І. Крамской, В. Сяроў, Б. Кустодзіеў; творы класікаў беларускага мастацтва ХIХ–ХХ стагоддзяў – І. Хруцкага, В. Бялыніцкага-Бірулі, С. Жукоўскага, М. Савіцкага, Г. Вашчанкі, М. Данцыга, В. Грамыкі, П. Масленікава, А. Кішчанкі, У. Стэльмашонка, работы сучасных беларускіх мастакоў У. Тоўсціка, В. Сумарава, В. Шкарубы, С. Катковай, І. Бархаткова, В. Касцючэнкі і інш.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы беларускіх жывапісцаў перадаюць непаўторны каларыт, духоўную змястоўнасць і эмацыянальнасць айчыннага выяўленчага мастацтва, паказваюць пераемнасць вялікіх традыцый і нацыянальную адметнасць культуры Беларусі. Гэта выстава -- важная гістарычная і культурная падзея для ўсёй краіны. Мастацкі праект пацвярджае, што нацыянальная школа жывапісу з'яўляецца поліфанічным феноменам, здольным інтэграваць любыя праявы творчай энергіі і нараджаць пры гэтым абсалютна новыя пластычныя ідэі.

Да выставы падрыхтаваны аднайменны альбом "Шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь".

Другая частка экспазіцыі прысвечана творчасці вядомых беларускіх скульптараў Сяргея Селіханава і Канстанціна Селіханава.

У экспазіцыі прадстаўлена 115 твораў скульптуры і 16 твораў жывапісу і графікі Сяргея Селіханава і Канстанціна Селіханава са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Бялыніцкага раённага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і калекцыі сям'і мастака Сяргея Селіханава – дачкі Наталлі і ўнука Канстанціна.

"Мастацтва не мае межаў. Мне прыемна, што творчасць майго дзеда блізкая і зразумелая кітайскім гледачам. Для Сяргея Селіханава тры месяца, праведзеныя ў Кітаі ў 1957 годзе сталі не проста камандзіроўкай, а магчыма, і лепшым перыядам яго творчага жыцця. Тое, з якім натхненнем ён ствараў на працягу гэтага часу свае скульптуры і іх колькасць здзіўляюць і ўражваюць і зараз. Я спадзяюся, што яго пластычная мова будзе цікава не толькі гледачам, але і прафесіяналам. Выстава – гэта не проста гістарычны або палітычны факт, гэта – якасць і ўзровень прафесіяналізму нашай скульптурнай школы. Яшчэ год таму я з цяжкасцю бы паверыў і нават зараз яшчэ не магу да канца паверыць, што мае працы прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Пекіна, і я вельмі шчаслівы таму, што гэта адбылося. Дзякуй вялікі", - з такімі словамі звярнуўся да прысутных скульптар Канстанцін Селіханаў.

Выстава беларускіх мастакоў і скульптараў у Нацыянальным мастацкім музеі Кітая будзе доўжыцца да снежня.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК