МЗС КНР пракаменціравала выказванні ЗША аб імкненні да парытэтнасці ў знешнім гандлі
  2018-04-20 16:41:03

Нельга выпрацоўваць стандарты, зыходзячы выключна з уласных інтарэсаў і патрэбаў; адзіныя міжнародныя правілы і стандарты павінны быць выпрацаваны шляхам раўнапраўных кансультацый. Пра гэта заявіла сёння прадстаўнік МЗС КНР Хуа Чуньін на прэс-канферэнцыі, каменціруючы выказванні ЗША аб імкненні да парытэтнасці ў знешнім гандлі.

На прэс-канферэнцыі было агучана, як пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Японіі Сіндза Абэ прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што ЗША ўводзяць 2,5-працэнтную пошліну на кітайскія аўтамабілі, а спаганяемая Кітаем пошліна ў дачыненні да амерыканскіх аўтамабіляў складае 25 працэнтаў, таму ЗША ў знешнім гандлі перш за ўсё жадаюць прытрымлівацца прынцыпу парытэтнасці. Хуа Чуньін на гэта адказала, што ў СГА не прадугледжаны прынцып парытэтнасці ў дачыненні да мытных пошлін, існуюць адрозненні ва ўзроўні мытных пошлін у членаў СГА. Таксама закрануўшы пытанне мытных пошлін на аўтамабілі, Хуа Чуньін сказала, што ЗША ўводзяць 2,5-працэнтную пошліну толькі на пасажырскія аўтамабілі, а пошліна на грузавікі складае 25 працэнтаў. Паводле яе слоў, у Кітаі 25-працэнтная пошліна ўводзіцца ў дачыненні да імпарту аўтамабіляў у сабраным выглядзе, а пошліна на аўтамабільныя запчасткі складае ўсяго 10 працэнтаў.

У 2017 годзе ЗША паставілі ў Кітай больш за 280 тыс. аўтамабіляў у сабраным выглядзе, а іх экспарт з Кітая ў ЗША склаў толькі 53 тысячы. У сувязі з гэтым няма сэнсу параўноўваць узровень пошлін Кітая і ЗША на аўтамабілі ў сабраным выглядзе, падкрэсліла яна.

Дзяржкамітэт па справах развіцця і рэформаў КНР на днях апублікаваў новыя меры па павышэнні ўзроўню адкрытасці ў шэрагу галін, у тым ліку ў аўтамабільнай прамысловасці. Хуа Чуньін адзначыла, што Кітай будзе працягваць паглыбляць рэформы і пашыраць знешнія сувязі па вызначаным плане. "Усебаковае прасоўванне Кітаем адкрытасці ў апрацоўчай прамысловасці адлюстроўвае нашу выразную пазіцыю па пытанні процідзеяння гандлёваму і інвестыцыйнаму пратэкцыянізму, сведчыць аб падтрымцы Кітаем шырокага і паглыбленага развіцця эканамічнай глабалізацыі і ажыццяўлення агульнага развіцця кітайскіх і замежных прадпрыемстваў ва ўмовах справядлівай канкурэнцыі," – заявіла яна. - Р -