У сталічным Мастацкім музеі Кітая сёння адкрываецца выстава сучаснага беларускага жывапісу. Экспазіцыя пад назвай "Культурныя ландшафты Беларусі" — гэта калекцыя вядомага ў краіне бізнесмэна і мецэната, заснавальніка ХО-галерэі - Алега Хусаенава. Самы буйны прыватны збор твораў беларускага сучаснага мастацтва будзе дэманстравацца ў Кітаі ўпершыню. Раней працы з калекцыі выстаўляліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Украіне, Расіі, Польшчы і Францыі.
Восем сучасных беларускіх мастакоў, чые працы прадстаўлены на выставе, распавядаюць пра сваю родную краіну з дапамогай розных візуальных моў. Аўтары належаць да пакалення 50-60-х гг. ХХ стагоддзя, якія прайшлі да гэтага моманту доўгі творчы шлях і прадстаўляюць спелае сучаснае мастацтва Беларусі. Іх мастацкае бачанне нараджалася ў 90-я гады - пераломны момант сучаснай гісторыі Беларусі. Кожны з прадстаўленых аўтараў сфарміраваў свой стыль падчас змен, абапіраючыся на акадэмічную савецкую школу жывапісу, вырасціўшы ўласныя канцэптуальныя рашэнні, сэнсавыя і стылявыя акцэнты.
Мастакоў выставы аб'ядноўвае назіранне за працэсам трансфармацыі культурнага ландшафту Беларусі, аднак кожны з іх у сваіх працах робіць бачнымі розныя аспекты: антрапагеннае ўздзеянне на прыродны ландшафт, трансфармацыя значэнняў элементаў культуры, дынаміка змяненняў гарадскога асяроддзя як спадчыны блізкага савецкага і далёкага гістарычнага мінулага.
Прадстаўлены розныя стылі жывапісу: канцэптуальнае мастацтва (Р.Вашкевіч, Ж.Капустнікава), поп-арт (С. Грыневіч), гістарычны акадэмізм (В.Альшеўскі), наіўнае мастацтва (С.Каваль), прымітывізм (У.Стальмахоў), абстрактнае мастацтва (В. Шылко), графічны мінімалізм (І. Касабука). Іх працы дэманструюць асноўныя тэндэнцыі сучаснага беларускага мастацтва, якое бярэ свой пачатак у 80-90-х гадах XX стагоддзя, і паказваюць яго трансфармацыю ў залежнасці ад культурнага і прыроднага кантэксту. Сродкамі мастацтва гледачу будзе прадстаўлены шырокі погляд на Беларусь, як праява спецыфічнага ўзаемадзеяння і ўзаемаўплыву чалавека і прыроды, што спараджае унікальны культурны ландшафт.
Дарэчы, культурнае супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Кітаем дынамічна і плённа развіваецца. У 2017 годзе ў Паднябеснай прайшлі маштабныя Дні культуры Беларусі ў Кітаі, гледачам былі прадстаўлены лепшыя дасягненні беларускай культуры. У кастрычніку 2017 года ў Пекіне ў Мастацкім музеі Кітая адбылася маштабная выстава шэдэўраў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. У рамках Года турызму Беларусі ў Кітаі ў студзені 2018 года адбылася выстава беларускай сучаснай фатаграфіі ў г.Чунціне, прайшла серыя выстаў сучаснага беларускага жывапісу ў найбуйнейшых гарадах Кітая: Гуанчжоу і Шанхаі.Выстава ў Пекіне праходзіць з першага па 18-е лістапада ў Мастацкім музеі Кітая.
Вольга Гальпяровіч, Беларуская служба МРК