«Цяжкі лёс» Джасціна Ло
  2019-01-08 09:49:08

Джасцін Ло – 42-гадовы амерыканскі спявак, аўтар песень, акцёр і прадзюсар, які жыве і працуе ў Сянгане. Яго кітайскае сцэнічнае імя – Цэ Цянь (側田) – гэта своеасаблівая транслітарацыя яго ж англійскага імя.

Джасцін нарадзіўся ў Сіракузах, штат Нью-Ёрк, і пераехаў у Сянган са сваімі бацькамі, калі яму было два гады. Ён рос у сям'і, дзе музыка заўсёды адыгрывала важную ролю. Нягледзячы на гэта, Джасцін атрымаў у ЗША тэхнічную адукацыю і трапіў на працу ў Yahoo!. Зразумеўшы, што марнуе час, ён вярнуўся ў Сянган, каб рэалізаваць сваю музычную мару.

Пару гадоў таму Цэ Цянь прымаў удзел у папулярным кітайскім шоу-конкурсе «Я – спявак!». Шчыра прызнацца, публіка прыняла яго халаднавата, а таму Джасцін затрымаўся ў гэтым шоу ўсяго на пару эфіраў. Як пісалі потым у мясцовых сацсетках, прычына такога халоднага прыёму – у тым, што Цэ Цянь выконвае свае песні на незразумелым кантонскім дыялекце кітайскай мовы. Таксама яго доўга не было на канцэртных пляцоўках і на радыё, і яго бліскучая слава 10-гадовай даўніны хутка тут пацьмянела. У першым тэлеэфіры шоу «Я – спявак!» Цэ Цянь выканаў пад жывы аркестр песню «Цяжкі лёс» («命硬») са свайго першага альбома «Justin» 2005 года. Меламаны лічаць яе адной з лепшых кампазіцый спевака. Я таксама вырашыў размясціць гэту песню на нашым сайте. - Р -