Сі Цзіньпін і прэм'ер-міністр Грэцыі К. Міцатакіс наведалі порт Пірэй
  2019-11-12 16:02:25

Старшыня КНР Сі Цзіньпін і прэм'ер-міністр Грэцыі Кірыякас Міцатакіс у панядзелак наведалі порт Пірэй, флагманскі праект двухбаковага супрацоўніцтва, і назвалі яго поспехам у рамках узаемадзеяння па развіцці ініцыятывы "Пояс і шлях".

У 2009 годзе даччыная кампанія China Ocean Shipping Company (COSCO) пачала кіраваць кантэйнернымі тэрміналамі порта Пірэй. У 2016 годзе COSCO набыла кантрольны пакет акцый порта і афіцыйна ўзяла на сябе паўнамоцтвы па яго кіраванні і эксплуатацыі. Да сённяшняга дня ў рамках праекта для больш чым 10 тыс. мясцовых жыхароў наўпрост ці ўскосна былі створаны рабочыя месцы, а сам Пірэй стаў найбуйнейшым портам у Міжземнаморскім рэгіёне і адным з самых хуткарастучых кантэйнерных тэрміналаў у свеце.

Па прыбыцці Сі Цзіньпін і яго жонка Пэн Ліюань, якіх суправаджалі прэм'ер-міністр Грэцыі К. Міцатакіс і яго жонка, былі цёпла сустрэтыя кітайскімі і замежнымі работнікамі, якія размахвалі дзяржаўнымі сцягамі дзвюх краін.

Гаворачы з Сі Цзіньпінам пра сваю працу і жыццё, прадстаўнікі мясцовага персаналу выказалі шчырую падзяку COSCO за прадастаўленне ім працы ў цяжкія часы пазыковага крызісу ў Грэцыі. Дзякуючы кітайскай кампаніі зараз у іх ёсць стабільная праца, яны могуць атрымліваць асалоду ад шчаслівага жыцця, сказалі яны старшыні КНР. Паколькі Пірэй стаў важным вынікам сумеснага будаўніцтва "Пояса і шляху", мясцовыя супрацоўнікі заявілі, што яны адчуваюць вялікі гонар і цалкам упэўненыя ў будучыні порта.

Узрадаваўшыся наведванню порта, Сі Цзіньпін адзначыў, што бачыць значыць верыць, і сёння тут ён бачыў тое, што прапанаваная Кітаем ініцыятыва "Пояс і шлях" была не лозунгам або казкай, а паспяховай практыкай і бліскучай рэальнасцю.

Адзначыўшы, што ініцыятыва "Пояс і шлях" падтрымлівае прынцып шырокіх кансультацый, сумеснага развіцця і агульнай выгады, Сі Цзіньпін сказаў, што ніхто не прымае рашэнні за іншых, замест гэтага ўсе ўдзельнікі ўзаемадзеяння ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях" падзяляюць абавязкі і выгады.

Кітай, наладжваючы сувязі з іншымі краінамі, прытрымліваецца правільнага падыходу да справядлівасці і інтарэсаў, падкрэсліў старшыня КНР, дадаўшы, што ён рады даведацца, што праект кітайскай кампаніі па развіцці порта Пірэй змог дапамагчы мясцовым жыхарам у цяжкія часы.

Сі Цзіньпін таксама заявіў, што мясцовыя рабочыя з'яўляюцца важнымі ўдзельнікамі сумеснага будаўніцтва "Пояса і шляху", паколькі яны дапамаглі порту Пірэй паспяхова развівацца, і пажадаў ім поспехаў у працы і шчаслівага жыцця.