СТА і СААЗ апублікавалі сумесную заяву з нагоды эпідэміі COVID-19
  2020-02-27 16:10:40

Сусветная турыстычная арганізацыя /СТА/ і Сусветная арганізацыя аховы здароўя апублікавалі сумесную заяву, у якой заклікалі праяўляць адказнасць і ўзгодненасць у пытаннях, якія тычацца ўспышкі COVID-19.

Сутыкнуўшыся з абмежаваннямі на перамяшчэнне ў некаторых частках свету і чаканым падзеннем колькасці турыстаў у бліжэйшыя тыдні і месяцы, СТА заявіла, што дзве арганізацыі "адданыя супрацоўніцтву ў кіраўніцтве дзейнасцю сектараў падарожжаў і турызму пры рэагаванні на эпідэмію COVID-19".

"СААЗ цесна працуе з экспертамі, урадамі і партнёрамі з усяго свету, каб хутка пашыраць спектр навуковых ведаў аб новым вірусе, адсочваць яго распаўсюджанне і вірулентнасць, а таксама даваць рэкамендацыі краінам і сусветнай супольнасці адносна мер аховы здароўя і прадухілення распаўсюджвання эпідэміі", -- гаворыцца ў заяве. "Сектар турызму поўны рашучасці ставіць на першае месца людзей і іх дабрабыт. Міжнароднае супрацоўніцтва мае жыццёва важнае значэнне для гарантыі таго, што сектар можа эфектыўна спрыяць стрымліванню эпідэміі COVID-19", -- адзначаецца ў заяве.

Дзве арганізацыі перакананыя, што "меры рэагавання з боку сферы турызму павінны быць узважанымі, паслядоўнымі і суразмернымі пагрозе ў галіне грамадскай аховы здароўя, грунтавацца на ацэнцы лакальных рызык, залучаючы ў гэту дзейнасць кожнае звяно ўсяго ланцугу стварэння дабаўленай вартасці ў сектары турызму, а менавіта дзяржаўныя органы, прыватныя кампаніі і турыстаў, у адпаведнасці з агульным кіраўніцтвам і рэкамендацыямі СААЗ".

Арганізацыі перасцераглі ад прыняцця залішніх мер. "Абмежаванні на рух, якія выходзяць за неабходныя рамкі, могуць стварыць непатрэбныя перашкоды для міжнародных перавозак, уключаючы негатыўныя наступствы для турызму", -- гаворыцца ў дакуменце.

Гэта заява была апублікавана пасля пацверджання першых выпадкаў заражэння ў мацерыковай частцы Іспаніі: у Мадрыдзе, Барселоне і Сівіллі. У той жа час каля тысячы чалавек застаюцца ў ізаляцыі ў атэлі на поўдні вострава Тэнэрыфе, найбуйнейшага з Канарскіх астравоў Іспаніі пасля таго, як быў пацверджаны станоўчы вынік тэсту на каранавірус новага тыпу ў 69-гадовага італьянскага лекара, яго жонкі і дваіх іх сяброў. - Р -