Пры строгім захаванні супрацьэпідэмічных мер у Кітаі пачынаюць адкрывацца турыстычныя мясціны класа «А»
  2020-03-20 17:22:13

Па стане на 16 сакавіка ў 28 правінцыях, аўтаномных раёнах і муніцыпалітэтах КНР для наведвання ўжо даступны 3714 адметныя мясціны класа «А», паведаміў начальнік дэпартамента па развіцці індустрыі Міністэрства культуры і турызму КНР Гаа Чжэн.

Выступаючы на прэс-канферэнцыі, чыноўнік падкрэсліў, што доля турыстычных аб'ектаў, якія зноў адкрыліся ў краіне пасля вымушанага перапынку, дасягнула 30%. Гэта адметныя мясціны ў гарах, гарадскія паркі, грамадскія сады і інш.

Раней Міністэрства культуры і турызму КНР выпусціла адмысловыя інструкцыі і рэкамендацыі па аднаўленні работы ўстаноў культуры і доступу да турыстычных зон у рэжыме выканання мер эпідэміялагічнай бяспекі. Акцэнт робіцца на абмежаванне колькасці наведвальнікаў і турыстаў, замова квіткоў праз інтэрнэт, абмежаванне масавых мерапрыемстваў – групавых танцаў і гімнастыкі – у парках і г.д. - Р -