Трамп адмовіўся ад «кітайскага віруса»
  2020-03-26 15:51:08

Абмен рытарычнымі выпадамі паміж Кітаем і ЗША прыняў нечаканы абарот. У панядзелак віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс заявіў, што КНР прадэманстравала «высокі ўзровень транспарэнтнасці» ў барацьбе з COVID-19. У той жа дзень кіраўнік амерыканскай адміністрацыі ў сваім твітары з нагоды сітуацыі з эпідэміяй адмовіўся ад скандальнай фармуліроўкі «кітайскі вірус», упадабаючы апалітычную фармуліроўку «вірус». У інтэрв'ю тэлеканалу FOX News Дональд Трамп 24 сакавіка заявіў: «Час перастаць раздзімаць з гэтага гісторыю».

Гісторыя, разам з тым, атрымалася прыкрай. Пасля таго як гаспадар Белага дома пачаў выкарыстоўваць словазлучэнне «кітайскі вірус», у ЗША пачасціліся выпадкі прыгнёту і нападкі на кітайцаў і амерыканцаў кітайскага паходжання. Выкладчык Клэрмонтскага каледжа ў Лос-Анджэлесе Крыстэн Браўнэл са старонак выдання «Гардыян» паскардзілася, што яе кітайскіх студэнтаў не пускаюць у рэстараны. Выданне New-York Times апублікавала артыкул пад загалоўкам «На іх крычаць, плююць і кідаюцца: амерыканцы кітайскага паходжання асцерагаюцца за сваю бяспеку». У матэрыяле адзначана, што такое негатыўнае стаўленне грамадства распаўсюдзілася ўжо на ўсіх амерыканцаў азіяцкага паходжання.

Разам з тым, азіяцкая абшчына ў ЗША -- гэта важная палітычная сіла, за галасы якой змагаюцца і дэмакраты, і рэспубліканцы. У некаторых штатах менавіта пазіцыя азіяцкай супольнасці вызначае вынік выбараў. Так, у Вісконсіне налічваецца 70 тыс. выбаршчыкаў азіяцкага паходжання. Гэта ў тры разы больш за агульную колькасць галасоў, якія Трамп набраў у гэтым штаце на выбарах 2016 года. Патрэба астудзіць антыкітайскі запал стала відавочнай і з пункту гледжання міжнароднага супрацоўніцтва. У ЗША склаўся сур'ёзны дэфіцыт медыцынскага абсталявання для барацьбы з COVID-19. Сур'ёзная сітуацыя склалася ўжо ў студзені, аднак да 19 сакавіка прэзідэнцкая адміністрацыя не распачала практычна ніякіх крокаў для вырашэння праблемы. Дайшло да таго, што губернатар штата Нью-Ёрк Эндру Куома заявіў цэнтральным уладам: калі не будзе паставак дэфіцытнага абсталявання, самі прыязджайце і забірайце 26 тысяч чалавек, якія памруць.

Трамп ужо патэлефанаваў паўднёвакарэйскаму прэзідэнту з просьбай тэрмінова дапамагчы з пастаўкамі абсталявання. У Сеуле адказалі, што акажуць максімальную падтрымку па меры магчымасці. Як адзначае супрацоўнік амерыканскага камітэта Сената ЗША па міжнародных адносінах Рэп-Купер, Трамп адначасова просіць аб дапамозе і шантажыруе Рэспубліку Карэя. Вашынгтон патрабуе ад Сеула штогод выплачваць 5 млрд долараў у амерыканскую казну. У адваротным выпадку амерыканскі ваенны кантынгент у Паўднёвай Карэі звольніць усіх мясцовых супрацоўнікаў. На гэтым фоне прасіць Сеул аб дапамозе -- далёка не самая светлая ідэя. Пра гэта сведчыць і вельмі расплывісты паўднёвакарэйскі адказ Трампу: «дапаможам па меры магчымасцей».

ЗША імкнуцца нарасціць імпарт медыцынскіх масак і медабсталявання з Кітая, які таксама з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком медыкаментаў у Злучаныя Штаты. На гэтым фоне падтрыманне нармальных адносін з Пекінам -- вельмі важнае для Вашынгтона. Тым больш, што ў КНР далі зразумець, што адкрытыя да міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з COVID-19.

Аднак Трампу не варта чакаць нармалізацыі адносін з Пекінам у абмен на дапамогу з наступным аднаўленнем супрацьстаяння. Справа ў тым, што цяперашні эпідэмічны крызіс -- зацяжны. Спатрэбіцца доўгі час на распрацоўку вакцыны супраць COVID-19, на ўтаймаванне эпідэміі, а гэта запатрабуе стабільных паставак медабсталявання і медыкаментаў. Для гэтага патрабуецца доўгатэрміновая нармалізацыя амерыканска-кітайскіх адносін. Увод у рыторыку Трампа словазлучэння «кітайскі вірус» гэтаму не спрыяе. Улічваючы гэтыя факты, адміністрацыі Трампа, сапраўды, варта змяніць тон. Гэта неабходна ў незалежнасці ад таго, ці ўсвядомілі ў Вашынгтоне сваю рытарычную памылку, або проста вымушана ўносяць у сваю рыторыку неабходную папраўку. - Р -