На першым фотаздымку – мастак Чжаа Юэпэн (赵跃鹏). Ён кіруе творчай майстэрняй «Кветкі і птушкі» ў Кітайскай акадэміі мастацтваў у горадзе Ханчжоу на ўсходзе Кітая.
«У 1986 годзе я паступіў у Кітайскую акадэмію мастацтваў у Ханчжоу правінцыі Чжэцзян. У той час на нашым курсе вучыліся ўсяго чатыры чалавекі, і нам прапанавалі тры спецыяльнасці: «людзі», «горы і рэкі», «кветкі і птушкі». Акадэмія тых часоў мела вялікі аб'ём матэрыялу. Тут можна было пабачыць арыгіналы старадаўняга жывапісу, а ў акадэмічнай бібліятэцы захоўваліся якасныя друкаваныя альбомы традыцыйнага кітайскага мастацтва».
Чатыры гады вучобы ў Ханчжоу далі Чжаа Юэпэну глыбокае разуменне кітайскага жывапісу. Але лёс павярнуўся нечаканым бокам: маладога мастака размеркавалі ў будаўнічую кампанію ў Ціндаа, дзе яму давялося займацца арт-дызайнам і чымсьці іншым, але толькі не жывапісам. На жывапіс выпадалі дзве-тры гадзіны пасля асноўнай працы. У яго творах тых часоў пераважалі халодныя і змрочныя адценні, як той заходні вецер, які стаў лейтматывам першай персанальнай выставы Чжаа Юэпэна.
Вярнуўшыся ў Ханчжоу ўжо дасведчаным мастаком, Чжао Юэпэн пачаў пераасэнсоўваць сваю творчасць. Ён вельмі палюбіў раслінны свет. На яго карціне можа быць адлюстраваны букецік лугавых кветак, які, тым не менш, перадае ўсе фарбы прыроды. У кожнай працы мастака любая дэталь – на сваім месцы. Чжаа Юэпэн той перыяд сваёй творчасці назваў так: «Кветкі квітнеюць і марнеюць».
«Кветкі квітнеюць і марнеюць» – мая філасофія таго часу. У працах таго перыяду шмат малюнкаў алоўкам, яны вельмі дэталёвыя. У самым пачатку сваёй кар'еры я шмат працаваў над уласнай манерай жывапісу, шукаў на паперы розныя адценні колеру. Шмат чаго я запазычыў у прыроды. У дзяцінстве я вельмі любіў гуляць. Мне падабаліся маленькія рыбкі і крэветкі. Выходзячы на бераг ракі, я атрымліваў асалоду ад краявіду, ад спакою. Здаецца, гэта не перастане падабацца мне ніколі».
«Над любым творам я ўпарта працую першыя чатыры дні, і ў выпадку, калі карціна застаецца незавершанай, я пакідаю яе ў тым выглядзе, у якім яна на сапраўдны момант знаходзіцца. Я люблю спрошчанасць і заўсёды імкнуся простым спосабам перадаць глыбокі змест. Калі твае мазкі простыя і зразумелыя, а карціна пры гэтым напоўнена багатым зместам, у гэтым, на мой погляд, і крыецца поспех». - Р -