Кітай заклікае Вялікабрытанію спыніць умяшальніцтва ў справы Сянгана -- МЗС
  2020-06-04 16:49:17

Афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР сёння настойліва заклікаў Вялікабрытанію спыніць умяшальніцтва ў справы Сянгана.

Вялікабрытанія павінна прызнаваць і паважаць той факт, што Сянган вярнуўся пад юрысдыкцыю Кітая, не выкарыстоўваць Аб'яднаную кітайска-брытанскую дэкларацыю ў якасці апраўдання за безадказныя заявы, сказаў Чжаа Ліцзянь, каментуючы рэпліку кіраўніка МЗС Вялікабрытаніі Дамініка Рааба, які заявіў, што аўтарытарнае заканадаўства па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі ў Сянгане ідзе насуперак прынцыпу "адна краіна, два лады", і «Кітай павінен адысці ад краю прорвы і праявіць павагу да аўтаномнага статусу Сянгана і яго міжнародных абавязацельстваў».

Гістарычная сувязь Вялікабрытаніі з Сянганам супадае з перыядам уварвання, каланіяльнай сістэмы і нераўнапраўных дамоваў. "Аўтарытарны" -- гэта менавіта тое слова, якое апісвае брытанскае каланіяльнае кіраванне ў Сянгане, адзначыў Чжаа Ліцзянь, дадаўшы, што толькі пасля вяртання Сянгана пад юрысдыкцыю Кітая мясцовыя жыхары атрымалі беспрэцэдэнтныя правы і свабоды. "Вы не знойдзеце ніводнага слова або пункта ў Аб'яднанай дэкларацыі, якія ўскладалі б на Вялікабрытанію якую-небудзь адказнасць, звязаную з Сянганам, пасля яго вяртання пад юрысдыкцыю КНР", -- сказаў Чжаа Ліцзянь.

"Вялікабрытанія не валодае суверэнітэтам, юрысдыкцыяй або правым кантраляваць Сянган. Адпаведна, у брытанскага боку няма падстаў спасылацца на Аб'яднаную дэкларацыю, каб адвольным чынам каментаваць справы Сянгана або ўмешвацца ва ўнутраную палітыку Кітая", -- сказаў Чжаа Ліцзянь.

Як адзначыў чыноўнік, заканадаўства па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі ў Сянгане з'яўляецца важным крокам для абароны дзяржаўнага суверэнітэту, адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці і ўмацавання асновы палітыкі "адна краіна, два лады". Толькі пры ўмове забеспячэння нацыянальнай бяспекі магчыма гарантаваць ажыццяўленне прынцыпу "адна краіна, два лады", а таксама стабільнасць і росквіт Сянгана.

Чжаа Ліцзянь удакладніў, што гэта заканадаўства накіравана супраць невялікага шэрагу дзеянняў, якія сур'ёзна пагражаюць нацыянальнай бяспецы, і ніяк не ўплывае на высокую ступень аўтаноміі Сянгана, правы і свабоды яго жыхароў або законныя правы і інтарэсы замежных інвестараў.

"Некаторыя знешнія сілы ўступаюць у змову з настроенымі супраць Кітая мясцовымі бунтаўнікамі, каб ажыццяўляць дзейнасць, якая ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку краіны, -- вось, што сапраўды пагражае стабільнасці і росквіту Сянгана", -- заявіў Чжаа Ліцзянь. - Р -