Навагоднія віншаванні Пасла Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыла Рудага чытачам сайта на беларускай мове МРК
  2016-12-28 11:59:32  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Дарагія чытачы і падпісчыкі сайта на беларускай мове Міжнароднага радыё Кітая!

Адыходзячы 2016 год адзначыўся ў першую чаргу дзяржаўным візітам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Кітай. Важным палітычным вынікам гэтага візіту стала падпісанне сумеснай дэкларацыі і выхад на новы ўзровень палітычных адносін паміж дзвюма краінамі – узровень усебаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і давернага партнёрства. Такія асаблівыя адносіны паміж дзвюма краінамі выбудавалі кіраўнікі Беларусі і Кітая, і гэта галоўны вынік адыходзячага года. Мы актыўна супрацоўнічалі з кітайскімі дзяржаўнымі органамі, разам распрацоўвалі пытанні стварэння Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», адкрывалі кітайскія рынкі для беларускай прадукцыі, правялі шмат сумесных камісій і пасяджэнняў – у прынцыпе, год быў досыць насычаным. Апрача пэўных вынікаў, ёсць і задачы, якія стаяць перад намі ў 2017 годзе.

Трэба зазначыць, што надыходзячы год пройдзе пад знакам святкавання 25-гадовага юбілею дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Ужо у студзені наступнага года пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце.

Галоўная падзея 2017 года – удзел беларускага Прэзідэнта ў міжнароднай канферэнцыі, якая пройдзе ў Пекіне ў маі 2017 года. Канферэнцыя прысвечана адраджэнню Шаўковага шляху і марскога Шаўковага шляху 21 стагоддзя. Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін асабіста запрасіў Аляксанда Лукашэнку прыняць удзел у канферэнцыі.

Таксама мы запланавалі адкрыццё Беларускага культурнага цэнтра ў Пекіне, правядзенне Дзён культуры, візіты ў Кітай старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Дзяржсакратара Савета бяспекі і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў. У цэлым вельмі актыўна ідзе супрацоўніцтва на ўзроўні міністэрстваў, ведамстваў, банкаў, прадпрыемстваў. Мы спадзяёмся актывізаваць супрацоўніцтва з рэгіёнамі, таму хутка Беларусь наведаюць кіраўнікі некаторых кітайскіх правінцый. Па маштабах і эканамічным патэнцыяле кожная правінцыя з насельніцтвам 50-100 мільёнаў чалавек – нібыта асобная краіна, і гэта найвелізарны патэнцыял у актывізацыі супрацоўніцтва ў цэлым дзвюх краін.

Мне хацелася б адзначыць і ролю беларускага пасольства ў развіцці і ўмацаванні беларуска-кітайскіх адносін. Наша галоўная мэта заключаецца ў тым, каб супрацоўніцтва бесперапынна развівалася. Мы знаходзім новыя магчымасці, спрабуем іх рэалізаваць. Як правіла, мы дапамагаем на першапачатковым этапе наладжвання стасункаў, пакуль бізнес або кантакты ў іншых сферах не выходзяць на двухбаковыя непасрэдныя сувязі.

Вось такія нашы вынікі і нашы планы. Хачу павіншаваць усіх з надыходзячым Новым годам, пажадаць поспехаў, здароўя, і каб адыходзячы год стаў добрай апорай на шляху да новых дасягненняў у 2017 годзе! - Р -

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040