Выраб парагенератара да кітайскага ядзернага рэактара "Хуалун-1" завяршыўся ў Гуанчжоу. У аўторак, 17 кастрычніка, яго морам адправілі да месца будаўніцтва АЭС - у правінцыю Фуцзянь (Усходні Кітай), паведамілі кар. Сіньхуа ў электратэхнічнай карпарацыі "Дунфан" /Дунфан Electric Corporation, DEC/.
Як і "Хуалун-1" (рэактар трэцяга пакалення), парагенератар ZH-65 - цалкам кітайская распрацоўка. Апарат быў створаны камандай на чале з генеральным канструктарам Кітайскага інстытута атамнай энергіі (NPIC) Чжан Фуюанем і кампаніяй цяжкага машынабудавання DEC у Гуанчжоу.
Спецыялістам давялося пераадолець масу тэхналагічных бар'ераў, прызнаўся старшыня праўлення і гендырэктар кампаніі Цзэн Сяньмаа. Затое апарат, які сведчыць аб сталасці кітайскіх тэхналогій, паводле яго слоў, стаў ключавым складнікам канкурэнтаздольнасці айчыннай атамнай энергетыкі.
Як адзначаецца, з усяго камплекта асноўнага абсталявання "ядзернага вострава" парагенератар - самы габарытны, аб'ёмны і дарагі. Па ўсіх тэхнічных характарыстыках парагенератар ZH-65, які будзе ўсталяваны на энергаблоку нумар 5 Фуцінскай АЭС у Фуцзяне, знаходзіцца на адным узроўні з замежнымі аналагамі, а разліковы тэрмін яго службы складае 60 гадоў, паведаміла кампанія-вытворца.