"Тут і зараз" – погляд на Беларусь вачыма айчынный фатографаў на экспазіцыі ў Мастацкім музеі Чунціна
  2018-01-15 13:00:34  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

11 студзеня ў Мастацкім музеі Чунціна (Кітайская Народная Рэспубліка) у рамках адкрыцця Года турызму Беларусі ў Кітаі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы сучаснай беларускай фатаграфіі. На ёй прадстаўлены работы 13 беларускіх аўтараў рознага ўзросту - ад пакалення 80-х гадоў 20 стагоддзя да сучасных маладых фатографаў. Такім чынам, глядач мае магчымасць пазнаёміцца, як мянялася сучасная беларуская фатаграфія і рэальнасць краіны на працягу апошніх 30 гадоў.

"Адкрыццё атрымалася сапраўды ўрачыстым. Не часта даводзіцца назіраць такую колькасць людзей на вернісажы, што нам вельмі прыемна," - падзялілася ўражаннямі адзін з куратараў выставы Ганна Самарская.

Экспазіцыя, прадстаўленая тут, - гэта даследаванне візуальнай мовы сучаснай Беларусі. Часовыя рамкі ахопліваюць перыяд ад набыцця незалежнасці Рэспублікай Беларусь да сённяшніх дзён, і ўключаюць у сябе працы трох пакаленняў сучаснай беларускай фатаграфіі. Праекты, прадстаўленыя тут - гэта індывідуальныя рэфлексіі, перажыванні, пераасэнсаванне тых працэсаў, якія адбываюцца ў краіне з часу набыцця яе незалежнасці. Усе разам яны складваюцца ў вялікае апавяданне пра сучасную краіну.

"Што такое Беларусь? З чаго складаецца сучасная беларуская ідэнтычнасьць? Як змянілася яна за апошнія 30 гадоў? Менавіта гэтыя пытанні ляглі ў аснову выставы «Дзень Незалежнасці», - гаворыць куратар і працягвае: "нам хацелася прадставіць Беларусь з розных бакоў. Паназіраць, як розныя пакаленні бачаць сваю краіну. Праект складаецца з некалькіх этапаў: тут ёсць фотаздымкі, што расказваюць пра гарадскую прастору, паказваюць ландшафт Беларусі, яе архітэктуру. А з другога боку, ёсць партрэты, адлюстраванні людзей, жыхароў краіны. Тое, што мы бачым на выставе, адрозніваецца ад тыповых праектаў, якія можна бачыць у мастацкіх музеях, аднак цалкам адпавядае паняццю сучасная фатаграфія. Мне прыемна, што мы змаглі паказаць такія магчымасці беларускага мастацтва на міжнароднай прасторы ў Чунціне, і за гэта я ўдзячна і галерэі, і Пасольству Беларусі, і Міністэрству за падтрымку".

Адштурхоўваючыся ад невялікіх гісторый, глядач зможа лепш зразумець краіну, знайсці пераклічкі з сучасным Кітаем, тым больш, як прызналася Ганна Самарская, кітайцаў і беларусаў шмат што аб'ядноўвае.

"Наша задача была ў тым, каб пра беларускую сучасную фатаграфію даведліся і тут, у Кітаі. Таму, мы рады, што гэты вернісаж адбыўся, чакаем новых кантактаў і магчымага працягу супрацоўніцтва. А пра кітайскую фатаграфію ў мяне няма адзначначнай думкі. Таму што погляды фатографаў з гэтай краіны, што мы ўбачылі на праектах у Чунціне, і кітайскіх аўтараў, якія жывуць і здымаюць за мяжой, скажам, у Германіі, значна адрозніваюцца па настроі і манеры выказвання. Мяне ўразіла і тое, што за той кароткі час, які я правяла ў Чунціне, і падчас тых сустрэч з маладымі творчымі людзьмі Кітая, стала зразумелым, што ў нас вельмі шмат агульнага. Перажыванні, выклікі, якія перад намі паўстаюць, яны таксама вельмі падобныя. Гэта нас аб'ядноўвае і дазваляе спакойна глядзець адно на аднаго і супрацоўнічаць. І я вельмі ўсцешана, што на выставе ў нас прадстаўлены выказванні маладога пакалення фатографаў, якія ахвотна і шчыра гавораць пра тут і зараз."

Праекты, паказаныя на выставе, разнастайныя: ад даследавання паўсядзённага жыцця прыгранічных раёнаў Беларусі да аналізу сталічнай архітэктуры. Сяргей Лескець раскрывае Беларусь праз яе народную архаічную культуру, апісвае традыцыі і лад жыцця беларускіх шаптух, што жывуць і прамаўляюць свае замовы на Палессі. Да тэмы пераасэнсавання савецкага мінулага звяртаецца Андрэй Лянкевіч у сваёй працы «Бывай, Радзіма!».

Адной з цэнтральных тэм выставы з'яўляецца тэма горада, прадстаўленая ў вядомай серыі Артура Клінава «Горад Сонца», а таксама ў фотаздымках Вадзіма Качана, зробленых з акна трамвая, бязлюднай фатаграфіі Уладзіміра Цэслера, у калажах Машы Святагор, якая разглядае горад скрозь прызму спальных раёнаў. Як адзначае арт-крытык Вольга Бубіч: «Горад у экспазіцыі з'яўляецца зборным вобразам - сімвалам сутыкнення савецкага мінулага і трывожнага сапраўднага, месцам нараджэння новага моцнага «я» як кожнага фатографа ў асобнасці, так і культурна багатай і разнастайнай, незалежнай цікавай краіны, гатовай да дыялогу і руху ».

Выстава арганізавана пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, прыватнай калекцыі

XO-gallery, інвестыцыйнай кампаніі "Зубр Капітал».

Доўжыцца экспазіцыя ў Мастацкім музеі Чунціна да 28 студзеня 2018.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040