Пекінскі кінафэстываль і развіццё кітайскай кінаіндустрыі
  2016-04-20 15:36:59  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

У кітайскай сталіцы ў міжнародным экспацэнтры "Яньціху" адкрыўся 6-ы Міжнародны кінафестываль. Адзін з самых маладых кінапраглядаў у свеце, ён набірае папулярнасць з кожным годам. Спачатку ў Пекінскага кінафестывалю не было свайго месца правядзення. Чырвоная дарожка ля возера "Яньціху" ўпершыню была парассцілана год таму. Арганізатарам настолькі спадабаліся прырода і палац канферэнцый, што іх не бянтэжыць нават прыстойная адлегласць ад Пекіна – больш за 50 кіламетраў. Зараз фестывалю засталося заняць сваё месца ў гісторыі сусветнага кіно.

Любы кінафестываль пачынаецца з "чырвонай дарожкі". За тры гадзіны да пачатку цырымоніі ўсе месцы для журналістаў былі шчыльна застаўлены тэлекамерамі, а брытанскаму аператару давялося нават залазіць на пераносную лесвіцу. Зоркі на "чырвонай дарожцы" пачалі з'яўляцца з апошнімі промнямі сонца. Як і ва ўсім свеце, шэсце дзеячаў кіно ператварылася ў сапраўднае дэфіле. Па вопратцы артыстаў можна было меркаваць пра апошнія тэндэнцыі кітайскай моды. Мужчыны спаборнічалі ў кроі і расфарбоцы касцюмаў, а дамы – у вытанчанасці вечаровых сукенак. Так атрымалася, што кожная другая госця апынулася не гатовай да легкадумнага надвор'я. Зусім па-летняму апранулася і галоўная замежная зорка Наталі Портман. Яна з'явілася пад канец цырымоніі, калі на сцяне з аўтографамі знакамітасцяў месца амаль не засталося. У самым нізе вялікага плаката вымушаны быў паставіць свой подпіс і аскараносны Крыстаф Вальц. Апошнімі па "чырвонай дарожцы" прайшлі члены журы.

Папулярная кітайская актрыса і шэсць вядомых замежных рэжысёраў і прадзюсараў будуць выбіраць лепшую з 15-ці карцін асноўнага конкурсу. Фестываль не абмяжоўвае аўтараў у тэмах. На ім прадстаўлены фільмы самых розных жанраў: будуць гістарычныя драмы і авантурныя камедыі; тры стужкі прысвечаны Другой сусветнай вайне (карціны з Расіі, Польшчы і Даніі). У іх адна тэма – лёсы маленькіх людзей, жыццё якіх змяніла вялікая бяда. Паводле слоў арганізатараў конкурсу, праграма сёдета будзе цікавай. А члены журы жартуюць, што лепшым будзе той фільм, які не дасць ім заснуць з-за розніцы ў часе роднага горада з Пекінам.

Фільм, паказаны на адкрыцці фестывалю, у конкурсе не ўдзельнічае. Але менавіта ён з'яўляецца "лакмусавай паперкай" развіцця кітайскага кінематографа. Сёлета такі гонар выпаў працягу папулярнай меладрамы "Пекін сустракаецца з Сіэтлам". Тры гады таму гераіня фільма адправілася ў Амерыку, каб нарадзіць пазашлюбнае дзіця. На гэты раз тая ж актрыса выконвае іншую ролю – азартнага гульца ў казіно. І ў тым жа Сіэтле пачнецца яе новая рамантычная гісторыя.

Цікава, што на 6-м Пекінскім міжнародным кінафестывалі будзе аб'яўлена спецыяльная праграма фільмаў, прысвечаная 30-годдзю з дня смерці адметнага кінарэжысёра і сцэнарыста Андрэя Таркоўскага. З ранніх работ Таркоўскага будуць паказаны фільмы "Андрэй Рублёў" (1966), "Салярыс" (1972), "Люстэрка" (1974), "Ратуйся! Змеі!" (1979) і "Ахвярапрынашэнне" (1986). Фільмы савецкага рэжысёра выклікалі сапраўдны ажыятаж, сведчаннем чаму стала тое, што за 10 секунд пасля пачатку анлайн-продажаў гледачы раскупілі ўсе квіткі.

У рамках пазаконкурснай праграмы кітайскія гледачы ўбачаць расійскую карціну "Настаўніца" (рус. – "Училка") Аляксея Пятрухіна, а таксама адноўлены скарб савецкага кінамастацтва фільм "Іван Грозны" (1944), зняты рэжысёрам Сяргеем Эйзенштэйнам. Тэму Расіі прадставіць на кінафестывалі таксама фільм "Ад Масквы да Датуна недалёка", які распавядае кранальную гісторыю кахання расійскай дзяўчынай і мужчыны з паўночнакітайскага горада Датун. Фільм зняты маладым кітайскім рэжысёрам Цін Хаем.

У апошняе дзесяцігоддзе поспехі кітайскага кінарынку ўсё часцей прыцягваюць увагу заходніх інвестараў, кінаіндустрыя ў Паднябеснай бурна развіваецца: расце колькасць новых кінатэатраў, вядзецца мадэрнізацыя існуючых, усё больш з'яўляецца лакальных стужак, якія па зборах могуць паспрачацца з замежнымі хітамі. Дзіўна, але многія малабюджэтныя лакальныя праекты не толькі не саступаюць высокабюджэтным, але нават пераўзыходзяць іх. Напрыклад, камедыі "Прыгоды ў Тайландзе" (рэж. Сюй Чжэн, 2012 г.) пры бюджэце ў 5 млн. долараў удалося сабраць фенаменальныя 202 мільёны і трывала замацавацца на другім месцы па зборах сярод кітайскіх фільмаў, ледзь-ледзь саступіўшы "Падарожжу на Захад". Нельга не ўзгадаць арыентаваную на сямейную аўдыторыю кінастужку "Тата, куды мы ідзём?", асновай для якой паслужыла вельмі паспяховае рэаліці-шоу аб адносінах бацькоў знакамітасцяў з іх маленькімі дзецьмі. Яна знаходзілася ў вытворчасці ўсяго месяц і каштавала прадзюсарам усяго мільён долараў. Але карціна стала сапраўднай сенсацыяй, сабраўшы ў мясцовым пракаце больш за 109 млн. долараў толькі за першыя 17 дзён! Пакуль яшчэ падобны вынік ўспрымаецца як буйная сенсацыя. Але цалкам магчыма, што праз некалькі гадоў такія зборы стануць у Кітаі звычайнай справай.

Тэмпы росту кітайскага кінарынку самыя высокія ў свеце – 30-40% за год. На думку Рычарда Гелфанда, кіраўніка буйной кінапракатнай сеткі IMAX, да 2018 года касавыя зборы Кітая апярэдзяць амерыканскія, а да 2025-га – перасягнуць іх удвая. Таму нядзіўна, што буйныя заходнія кінакампаніі ідуць на любыя саступкі ў імкненні дагадзіць кітайскаму гледачу.

Вельмі паспяховым назвалі мінулы год прадстаўнікі кінаіндустрыі КНР. У 2015 годзе зборы кітайскіх кінатэатраў дасягнулі амаль як 44 млрд. юаняў, павялічыўшыся на 48,7% у параўнанні з папярэднім годам; за гэты перыяд колькасць наведвальнікаў кінатэатраў узрасла больш чым на 50% і склала 1 млрд. 260 млн. чалавек. Парадаваў кітайцаў айчынны пракат і якасцю фільмаў. Сярод касавых збораў 61% – сродкі, атрыманыя ад пракату мясцовых кінастужак. Летась кітайская кінапрадукцыя склала годную канкурэнцыю галівудскім фільмам. Сярод 81 карціны, што сабралі больш за 100 млн. юаняў, 47 былі створаны ў КНР. Наступнае дасягненне індустрыі ў мінулым годзе – адкрыццё больш за 1200 новых кінатэатраў і 8 тысяч новых кіназалаў. У сярэднім кожныя суткі з'яўляліся 22 новыя кіназалы. Паказчыкі значна павысіліся за кошт цікавасці да кіно ў жыхароў дробных гарадоў. Менавіта тут у мінулым годзе актыўна адкрываліся новыя кінатэатры. Зараз у Кітаі больш за шэсць тысяч кінатэатраў і больш за 31 тысячу кіназалаў. Аглядальнікі лічаць, што развіццё кінарынку ішло паралельна з ростам інавацый у культурнай сферы.

Варта асобна адзначыць адзін анімацыйны і прадзюсерскі шэдэўр мінулага года. Спонсары мультфільма "Цар малпаў: Герой вяртаецца" зрабілі неймаверны падарунак сваім дзецям: іх імёны ўпісаны ў гісторыю кітайскай анімацыі. 109 маленькіх кітайцаў могуць пазнаць сябе ў фінальных цітрах у падзяку за тое, што іх бацькі не пашкадавалі грошай на праект народнага кіно. Прадзюсар мультфільма Лі Цзя адзначыў: "Калі маё дзіця падрасце, яму спадабаецца гэты фільм. А пасля прагляду ён убачыць сваё імя ў спісе прадзюсараў. Гэта проста выдатна". Зняць мультфільм усім светам прапанаваў галоўны прадзюсар карціны Лу Вэй. Паўтара гады таму грошы на завяршэнне карціны скончыліся, і ён асабіста звярнуўся да гледачоў па дапамогу праз мабільны дадатак WeСhat. Заклік скінуцца на кіно пачулі больш за сто чалавек. Хтосьці пералічыў некалькі юаняў, а хтосьці не пашкадаваў і ста тысяч. Прача некалькіх секунд славы, гэта аказалася выгадным укладаннем інвестыцый. На фільм удалося сабраць сем мільёнаў юаняў, а зарабілі народныя спонсары ў чатыры разы больш. Усяго ж карціна прынесла сваім стваральнікам амаль мільярд юаняў. Так адзін з самых прыбытковых кінапраектаў года стаў самым паспяховым фільмам, грошы на які сабралі па схеме краўндфандынгу – асабістых ахвяраванняў. Акрыленыя поспехам, прадзюсары карціны не збіраюцца спыняцца на дасягнутым.

КНР абганяе ЗША па вытворчасці кінафільмаў. За мінулы год тут знялі амаль 700 стужак. Такімі тэмпамі першае месца Кітай у сусветным кінапракаце зойме ўжо праз год. Аб'ём касавых збораў у краіне пабіў чарговы рэкорд у сем мільярдаў долараў. Да канца 13-й пяцігодкі гэта лічба, паводле прагнозаў экспертаў, падвоіцца. Кітайскія ўлады разумеюць, наколькі моцным можа быць уздзеянне такога масавага мастацтва на людзей. Толькі ў мінулым годзе на ўсю культуру ўлады КНР выдзелілі пяць мільярдаў юаняў. Падтрымку атрымалі 850 праектаў. У новым праекце развіцця культуры ў КНР, які прапануе саветнік НПКСК Лі Сюсун, прадугледжаны пяць прынцыпаў: умацаванне рэформ, інавацыі, новыя тэхналогіі, пранікненне ў Інтэрнэт і агульнае развіццё. Так, на думку аўтараў новай канцэпцыі, атрымаецца найбольш дакладна і ў поўнай меры адлюстраваць у мастацтве паняцце "кітайскай мары".

(А.Алаберт, Р.Мышкоўскі, Міжнароднае радыё Кітая)

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040