Разнастайнасць ільвоў, прыгажосць стэлаў, гісторыя і запамінальнасць моста Марка Пола ў Пекіне

2020-06-25 17:51:28
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

Пра гэта загадкавае і незвычайнае месца на карце Пекіна я чула неаднойчы ад сваіх калег. Асабліва мяне ўразіла, што туды можна спакойна дабрацца на веласіпедзе. Нарэшце, хаця б адно гістарычнае месца кітайскай сталіцы знаходзіцца недалёка ад майго дома на захадзе горада!

На гэтым мосце на сённяшні момант я ўжо пабывала двойчы. Упершыню я патрапіла туды са сваім сябрам на веласіпедах амаль выпадкова, едучы проста на поўдзень у пошуках прыгод (аказалася на паўднёвы захад). Мост нас сустрэў вечаровым спакоем, велічнасцю і … дажджом, які ўсё больш ліў ужо як з вядра па меры таго, як мы набліжаліся дадому. Па дарозе ў майго сябра зламаўся веласіпед, які мы там жа, на шчасце, нягледзячы на праліўны дождж, пачынілі. Дадому я вярнулася цалкам мокрая з ног да галавы, і была ўдзячна, што на наступны дзень не было ніякіх прыкметаў прастуды. Уражанне ад гэтага месца было не вельмі зразумелае, адчувалася, што там незвычайна і цікава, але ўсёй прыгажосці не давялося спазнаць.

І вось зусім нядаўна я, натхнёная жаданнем прыгодаў з тым жа сваім дарагім сябрам узяла веласіпеды і зноў паехала, ужо выбіраючы дарогу і ўсвядомліваючы, куды еду. Было гэта ў сярэдзіне дня, заняло наша падарожжа прыблізна гадзіну з нечым па спякоце ў +37. Прайшоўшы ўсе супрацьэпідэмічныя кантролі, паказаўшы ўсе магчымыя коды здароўя, дакументы, што я не пакідала сталіцу некалькі месяцаў, я, нарэшце зноў стаяла на гэтай брукоўцы старога маста і назірала прыгажосць і вечнасць гэтага месца, па якім праязджалі, праходзілі сотнямі гадоў самыя розныя людзі і жывёлы. Нам пашчасціла, што людзей было не так багата, можна было спакойна паназіраць за рухам вады ракі Юндзін, якая з аднаго боку перасохла, за прыродай, за людзьмі, якія фатаграфаваліся, размаўлялі і праводзілі чароўную нядзелю разам са сваімі дзецьмі або каханымі.

Мост Лугоу ( Лугоўцяа卢沟桥) праз раку Юндзін – адна з пярлін гістарычнага Пекіна, бо нагадвае пра стагоддзі Шаўковага шляху, ды проста пра вечнасць і старажытнасць гэтай зямлі. Назву, па якой я даведалася пра гэты мост, даў яму венецыянец Марка Пола, які, кажуць, падарожнічаў па Кітаю і шмат пра якія цуды Азіі расказаў у сваёй роднай краіне па вяртанні. На шляху ў Ханбалык яго караван праходзіў праз пераправу на рацэ Юндзін, па мосце Лугоу. Гісторыкі распавядаюць, што менавіта яму і даў італьянскі падарожнік такую характарыстыку: “У цэлым свеце няма больш такога цудоўнага маста”.

Толькі праз некалькі стагоддзяў еўрапейцы зноў здзівіліся прыгажосці гэтага цудоўнага збудавання і звязалі з ім расповед Марка Пола аб невядомых у сярэднія вякі цудах Усходу.

Крыху гісторыі:

Ёсць здагадка, што гэта месца служыла пераправай яшчэ ў 5 стагоддзі да н. э. Але толькі ў 1192 г. бурны рост імперскай сталіцы прымусіў узвесці 10-пралётны арачны мост, адну з першых канструкцый такога тыпу ў Кітаі. Яго вытанчанасць і прыгажосць не раз апяваліся прыдворнымі паэтамі і нават самім Сынам Неба. Гэты мост хутка прыцягнуў увагу і захапленне людзей. Ён, дзякуючы сваёй вытанчанасці і прыгожаму размяшчэнню, стаў вячэрнім месцам збору паэтаў і мастакоў, месцам, дзе можна любавацца выглядам ўзыходзячага месяца над ракой. Таму невыпадкова, што мясцовыя жыхары называюць яго больш паэтычна - «Месяц над Лугоу на досвітку» або «Мост над салаўінай прорвай». Размешчаны ён на паўднёвы захад ад Пекіна, усяго ў 16 кіламетрах ад яго гістарычнага цэнтра на ўскраінах сучасных гарадскіх раёнаў. Мост перакінуты праз раку Юндзін, якая ўпадае ў Байхэ.

Апоры моста Марка Пола ў Пекіне выкананы з блокаў граніту. Канструкцыя складаецца з 11 арак з сярэднім пралётам ў 19 метраў, у свой час ён меў даўжыню 260 метраў. З двух бакоў агароджы маста ўпрыгожваюць прыкладна 485 львоў з каменя, раней іх было 627. Абсалютна кожны з львоў не падобны на іншых, гэта ўражвае, асабліва калі прыняць да ўвагі, колькі гадоў гэтым скульптурам. Калі прыгледзецца, то можна заўважыць на кожным з іх маленькіх ільвянят, кожны леў або львіца маюць сваю экспрэсію, свае атрыбуты і прызначэнне. У кітайскай традыцыі цары звяроў гуляюць ролю ахоўнікаў ад злых духаў. Уезды на мост пільнуюць каменныя сланы.

У XVII стагоддзі мост быў змыты паводкай, таму прыйшлося яго цалкам аднавіць, на гэты раз з мармуру. Дадаткова былі пабудаваны дзве стэлы. Першая ўстаноўлена ў 1698 годзе ў гонар заканчэння аднаўлення моста і інспекцыі імператарам Кансі. Другая ў 1751 годзе па загадзе кітайскага імператара Цянлуна змяшчае вершы, што апяваюць прыгажосць гэтага месца.

У сярэдняй частцы маста ў цэнтры захавалі ўчастак, выкладзены старажытнымі плітамі, менавіта там можна найбольш яскрава адчуць павевы часу і ўявіць сабе бясконцы паток людзей, жывёл, лёсаў і падзей, якія адбываліся тут.

7 ліпеня 1937 года на мосце Марка Пола паўстаў інцыдэнт, які прывёў да пачатку Другой япона-кітайскай вайны. Акупаваўшы большую частку Кітая, японцы пакінулі яго толькі ў 1945 годзе пасля заканчэння Другой сусветнай.

На сённяшні дзень мост мае даўжыню 235 метраў і шырыню 8 метраў. Свой канчатковы выгляд ён атрымаў пасля чарговай рэстаўрацыі 1969 года.

На плошчы паміж мостам Марка Пола і крэпасцю Ваньпін разбіты парк, прысвечаны гісторыі гэтага месца.

Прайшоўшы па мосце Лугоу з захаду на ўсход можна паўтарыць шлях старажытных караванаў. Пасля рэстаўрацыі 1969 г. па яму дазволена перасоўвацца толькі пешшу або на ровары. Мост заканчваецца каля брамы крэпасці Ваньпін, яе сцены спярэшчаныя выбоінамі ад японскіх ядраў. Вакол разбіты мемарыяльны парк, дзе знаходзіцца Музей антыяпонскай вайны. Скульптуры і барэльефы распавядаюць гісторыю будаўніцтва моста і яго абароны ад інтэрвентаў. На жаль, на гэты раз туды мне не давялося патрапіць з-за мер, уведзеных у сувязі з каранцінам. Але, як мне падумалася, мабыць, гэта можна адкласці на наступны раз, калі я зноў паеду па прыгоды ў гэтым напрамку, каб паглядзець яшчэ раз на плыні часу і на прыгожы мост Марка Пола, успаміны пра які натхнілі многіх падарожнікаў і нагадалі пра вытанчанасць азіяцкай культуры і цуды кітайскай архетыктуры.

І крыху карыснай інфармацыі для тых, хто захоча пабачыць ільвоў на мосце Марка Пола і спрычынніца да шляхоў старажытных караванаў

Адрас: Пекін, р-н Фэнтай. Каардынаты GPS: 39.849170, 116.213060.

Як дабрацца: на метро да ст. Garden Expo Park, аўтобусы №№ 309, 310, 339, 458, 459, 624, 661, 662, 896, 983.

Кошт квітка 20 CNY.

Вольга Гальпяровіч

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ