У Пекіне прайшла выстава дыпломных работ выпускнікоў інстытутаў мастацтва і дызайну
2000 карцін, скульптур і інсталяцый ад 800 таленавітых маладых мастакоў. Міжнародная выстава выпускнікоў інстытутаў мастацтва і дызайну прайшла ў Пекіне ў змешаным анлайн і афлайн-фармаце. Падзея стала пляцоўкай для зносін студэнтаў з розных краін. У сваіх дыпломах выпускнікі з 50 вышэйшых школ шукалі адказы на актуальныя пытанні чалавецтва, ад спалучэння культурных традыцый да аховы навакольнага асяроддзя.
"Зваротны адлік да крызісу", "Карнавал робатаў", "Зносіны на адлегласці", "Мода ў бязважкасці" і "Суперлічбавыя сцэны" – назвы тэмаў, у якіх шукалі натхненне ўдзельнікі выставы дыпломных работ мастацкіх і дызайнерскіх ВНУ. У выніку атрымаліся экспазіцыі на стыку самых актуальных пытанняў сучаснасці: ад экалагічнага мастацтва і псіхалогіі робатаў да касмічнай моды.
Студэнтка факультэта дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Універсітэта Цінхуа Ся Міньцзя расказвае: “Праца нашай групы — касмічная вясельная сукенка. Нявеста можа адчуць лунанне спадніцы ў бязважкасці. Калі яна выйдзе з капсулы, вадкі азот запоўніць сукенку на дзясяткі і нават сотню метраў у даўжыню. Дзякуючы выбару матэрыяла і крою мы імкнемся зрабіць максімальна эфектную працу ва ўмовах бязважкасці".
На семінарах, прысвечаных тэме “RE: ACTOR”, выкладчыкі і студэнты шукалі шляхі пераадолення міждысцыплінарных і міжкультурных межаў.
Студэнтка факультэта інфармацыйнага мастацтва і дызайну Універсітэта Цінхуа Хун Юнь: "Нашы семінары — гэта эксперыментальная форма навучання. Выкладчыкі і студэнты з розных краін і дысцыплін маюць часта зусім розныя погляды, і тут адбываецца кропка судакранання".
Намеснік дэкана Акадэміі мастацтваў і дызайну Універсітэта Цінхуа Ян Дунцзян: “За паўмесяца дыскусій удзельнікі маюць магчымасць убачыць праблему з самага нечаканага пункту гледжання. Падчас пастаноўкі пытанняў і пошуку адказаў узнікаюць новыя пытанні, і гэта становіцца выдатным працэсам навучання. Праз выставу і семінары мы можам зразумець, якія праблемы хвалююць цяперашніх студэнтаў факультэтаў мастацтва і дызайну".
Яшчэ адной важнай асаблівасцю выставы з'яўляецца ўдзел рэктараў 26-ці сусветна прызнаных ВНУ ў сферы мастацтва і дызайну. Сярод іх пекінская Цэнтральная акадэмія прыгожых мастацтваў, Каралеўскі каледж мастацтваў у Лондане і нью-ёркская Школа дызайну Парсанс. Гэта цудоўная магчымасць для студэнтаў асабіста пагутарыць з мэтрамі.