У парку "Вялікі камень" плануюць адкрыць новую вытворчасць біятэхналагічных прадуктаў
У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" плануюць адкрыць новую вытворчасць па выпуску біятэхналагічнай прадукцыі. Пра гэта ў сераду распавёў прадстаўнікам СМІ міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч.
Ён адзначыў, што плануецца рэалізаваць інвестыцыйны праект для вытворчасці новых біятэхналагічных прадуктаў і, магчыма, рэкамбінантных формаў вакцыны ад COVID-19. "Зыходзячы з таго, што ў парку "Вялікі камень" пабудавана інфраструктура, плануем вынас асноўных вытворчых магутнасцяў менавіта туды", - растлумачыў Д. Піневіч.
Планаваннем займаецца арганізацыя "Белпраект", якая мае вопыт у гэтай сферы. Яна вядзе найбольш буйныя праекты ў сферы ўкаранення новых медыцынскіх і біятэхналогій. "Тэрыторыя сфарміравана, канцэпцыя ёсць. Але мы хацелі б атрымаць больш комплексны праект і таму не спяшаемся", - сказаў міністр.