Ван І правёў тэлефонную размову з дзяржсакратаром ЗША Э. Блінкенам
Член Дзяржсавета КНР, міністр замежных спраў Ван І 16 жніўня правёў тэлефонную размову з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, бакі абмяняліся меркаваннямі па сітуацыі ў Афганістане і абмеркавалі кітайска-амерыканскія адносіны.
Э. Блінкен падзякаваў Кітаю за ўдзел у сустрэчы ў Досе, прысвечанай афганскаму пытанню, і заявіў, што бягучая сітуацыя ў Афганістане ўступае ў ключавы этап. Паводле яго слоў, рух "Талібан" павінен заявіць аб спыненні экстрэмізму, выбраць шлях арганізаванай перадачы ўлады і фарміравання інклюзіўнага ўрада. Ён выказаў надзею на тое, што Кітай таксама зможа адыграць важную ролю ў гэтым працэсе. ЗША прызнаюць, што будучыня Афганістана павінна вызначацца самімі афганцамі, і заклікаюць "Талібан" гарантаваць бяспеку ўсіх людзей, якія жадаюць пакінуць краіну, адзначыў дзяржсакратар ЗША.
У сваю чаргу, Ван І выклаў пазіцыю Кітая па сітуацыі ў Афганістане і заявіў, што факты ў чарговы раз прадэманстравалі, што сляпое запазычанне замежных мадэляў і спробы зацвердзіць іх у краінах з прынцыпова іншымі гістарычнымі і культурнымі асаблівасцямі з'яўляюцца безвыніковымі і што ў канчатковым рахунку такія мадэлі складана ўкараніць. Улада, якая не карыстаецца народнай падтрымкай, не здольная ўтрымацца, і выкарыстанне сілы і вайсковых метадаў здольнае толькі памножыць праблемы, сказаў кіраўнік МЗС КНР. Ён дадаў, што гэтыя ўрокі неабходна старанна прааналізаваць.
Як адзначыў Ван І, Кітай разлічвае кантактаваць і весці дыялог з ЗША, спрыяць урэгуляванню афганскага пытання, садзейнічаць недапушчэнню ў Афганістане новай грамадзянскай вайны або гуманітарнай катастрофы, з тым каб краіна зноў не ператварылася ў спрыяльную глебу і прытулак для тэрарызму. Міністр таксама выказаў гатоўнасць кітайскага боку падтрымліваць намаганні Афганістана па фарміраванні ў краіне палітычных структур, якія адпавядаюць унутраным асаблівасцям і маюць адкрыты і інклюзіўны характар.
Па словах Ван І, ЗША варта заняць канструктыўную пазіцыю пры аказанні дапамогі Афганістану ў падтрыманні стабільнасці і прадухіленні хаосу, а таксама ў мірным аднаўленні. "Паспешны вывад Злучанымі Штатамі войскаў з Афганістана ўжо пацягнуў за сабой сур'ёзныя негатыўныя наступствы для сітуацыі ў краіне, і калі ў далейшым ЗША будуць ствараць новыя праблемы, то гэта тым больш не будзе праявай адказных паводзінаў", -- сказаў кіраўнік МЗС КНР.
Э. Блінкен адзначыў, што ЗША і Кітаю вельмі важна падтрымліваць кантакты па важных міжнародных і рэгіянальных праблемах. Ён пагадзіўся з тым, што мірнае суіснаванне ЗША і Кітая з'яўляецца агульнай мэтай, і выказаў надзею, што бакі будуць імкнуцца да супрацоўніцтва і наладжваць яго. Паводле яго слоў, паміж дзвюма краінамі існуюць відавочныя супярэчнасці, але ў далейшым іх можна будзе паступова вырашыць канструктыўным шляхам. ЗША зноў пацвярджаюць рашучае процідзеянне тэрарызму ў любых яго формах і той факт, што ЗША не імкнуцца стварыць праблемы ў памежных раёнах на захадзе КНР. Змяненне сітуацыі ў Афганістане зноў прадэманстравала, што канструктыўнае і прагматычнае амерыкана-кітайскае супрацоўніцтва па пытаннях рэгіянальнай бяспекі з'яўляецца вельмі важным, дадаў дзяржсакратар ЗША.