Кітай упершыню атрымаў даныя аб глабальных вугляродных патоках з уласнага спадарожніка
Кітайскія навукоўцы ўпершыню атрымалі даныя аб глабальных вугляродных патоках з выкарыстаннем даных назірання, атрыманых кітайскім спадарожнікам TanSat, які ажыццяўляе маніторынг узроўню вуглякіслага газу ў атмасферы.
Гэта азначае, што Кітай цяпер валодае магчымасцю праводзіць колькасны прасторавы аналіз вугляроднага бюджэту планеты.
Як адзначыў малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута вывучэння атмасферы Кітайскай акадэміі навук Ян Дунсюй, па меры імклівага развіцця тэхналогій зандзіравання атмасферы і мадэлявання, метад вызначэння выкідаў парніковых газаў шляхам назірання за канцэнтрацыяй вуглякіслага газу ў атмасферы стаў разглядацца як эфектыўны спосаб ацэнкі намаганняў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў.
Кітай запусціў уласны спадарожнік для назірання за ўзроўнем утрымання вуглякіслага газу ў атмасферы TanSat 22 снежня 2016 года, стаўшы тым самым трэцяй па ліку краінай свету пасля Японіі і ЗША, якая назірае за парніковымі газамі з дапамогай уласнага спадарожніка.
Гэты спадарожнік закліканы дамагчыся высокадакладнага назірання за канцэнтрацыяй вуглякіслага газу ў атмасферы ў глабальным маштабе, а таксама прадаставіць даныя для навуковых даследаванняў.
Выкарыстоўваючы звесткі, атрыманыя са спадарожніка TanSat, навукоўцы правялі ацэнку глабальных вугляродных плыняў на зямлі за перыяд з траўня 2017 года да красавіка 2018 года. Вынікі гэтай ацэнкі апынуліся практычна ідэнтычныя даным, атрыманым з японскага спадарожніка GOSAT і з амерыканскага ОСО-2.
Па словах Ян Дунсюя, пры вызначэнні канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў канкрэтным месцы ў канкрэтны час навукоўцы ўсталёўваюць "назіральную велічыню" і "змадэляваную велічыню" і выкарыстоўваюць метад "асіміляцыі даных" для скарачэння розніцы паміж гэтымі двума паказчыкамі.
Як паказваюць вынікі, каэфіцыент нявызначанасці пры такіх даследаваннях зніжаны да 50 % у параўнанні з папярэднімі вугляроднымі патокамі.
Даныя аб глабальных вугляродных патоках спрыяюць росту дасведчанасці грамадзян аб наступствах такіх дзеянняў, як скарачэнне выкідаў парніковых газаў і рост колькасці "паглынальнікаў вугляроду" у адпаведнасці з тэндэнцыямі змены клімату.
Апісанне новага навуковага дасягнення Кітая было нядаўна апублікавана ў часопісе Advances in Atmospheric Sciences.