Вытворчасць кітайскіх аўтобусаў Yutong запусцілі ў Казахстане
У Казахстане сумесна з кітайскай кампаніяй Yutong пачалася зборка аўтобусаў розных мадыфікацый.
Сумесная вытворчасць наладжана ў горадзе Сарань за 25 км ад Караганды. На заводзе працуюць 500 чалавек. "Кітайская кампанія Yutong і казахстанская QazTehna пачалі супрацоўнічаць у канцы 2019 года. Буйнавузлавая зборка пачалася ў канцы 2020 года, а этап дробнавузлавой зборкі запусцілі ў чэрвені", — паведаміў кіраўнік праекта па вытворчасці аўтобусаў і спецтэхнікі Yutong у Казахстане Хуан Юаньчаа.
"У Казахстане мы будзем збіраць аўтобусы пад запыты аўтапаркаў. Казахстан з'яўляецца вельмі важнай краінай для супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях". Я спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе доўжыцца доўгія гады на карысць дзвюх краін", — адзначыў Хуан Юаньчаа.
Генеральны дырэктар завода QazTehna Аргулан Майконаў распавёў, што вытворчая магутнасць прадпрыемства складае 1200 аўтобусаў у год. На сёння ўжо выпушчана 200 аўтобусаў, і да канца года завод выйдзе на поўную магутнасць. "Мы можам выпускаць аўтобусы даўжынёй ад 5 да 12 метраў — усяго каля 10 мадыфікацый. Наша прадукцыя разлічана на рынкі Казахстана і Еўразійскага эканамічнага саюза. Першыя нашы аўтобусы мы перадалі ў Паўночна-Казахстанскую і Карагандзінскую вобласці. Наступныя пастаўкі плануюцца ў гарады Какшэтау і Алматы. У Казахстане каля 16 тыс. аўтобусаў састарэлі і патрабуюць абнаўлення", — паведаміў А. Майконаў.
Па словах кіраўніка завода, усе камплектуючыя паступаюць з Кітая. У наступным годзе лакалізацыя будзе павялічана за кошт акумулятараў, шкла, пакрыццяў падлогі, лінолеўма, клеючых матэрыялаў, сядзенняў і шын. "З прыходам кампаніі Yutong на рынак Казахстана ў першую чаргу павысіцца якасць аўтобуснага парку. Таксама аўтобусы Yutong на нашым прадпрыемстве з'яўляюцца экалагічнымі. Дызельныя і газавыя адносяцца да класа Еўра-5, а ў электрычных наогул няма ніякіх выкідаў", — заявіў А. Майконаў.