У Шанхайскай вежы адкрылася выстава работ у тэхніцы кітайскай вышыўкі

2021-09-26 15:44:05
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

Унікальныя работы ў тэхніках традыцыйнай кітайскай вышыўкі можна ўбачыць у Культурным цэнтры Бааку ў Шанхайскай вежы. Тонкае і карпатлівае рамяство працягвае натхняць сучасных майстроў.

Экспазіцыя адкрываецца працамі чатырох знакамітых школ вышыўкі Кітая - Сучжоу, Сычуань, Хунань і Гуандун. Ян Дэцюань - вышывальшчыца з Сычуані, прадставіла дзве работы з выявай руж, аднаго з сімвалаў горада Чэнду. На тое, каб скончыць вышыўкі, ёй спатрэбілася 18 месяцаў.

Майстар кітайскага мастацтва і рамёстваў Ян Дэцюань сказала: "Сычуаньская вышыўка адрозніваецца гладкім радком і разнастайнасцю колераў. Мы паменшылі інтэнсіўнасць кветак, каб яны выглядалі мякчэй і элегантней".

Калі вышыўку наносяць на тканіну пасля яе вырабу, то ўзоры на парчы - гэта ніткі золата і натуральнага шоўка, якія ўплятаюць у палатно на ткацкім станку. Мастачка Цзінь Вэнь дэманструе Нанкінскі стыль парчы Юньцзінь. Тэхніка, вядомая з часоў дынастыі Юань, занесеная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Майстар кітайскага мастацтва і рамёстваў Цзінь Вэнь сказаў: "Гэтая тэхніка выкарыстоўвалася для вырабу імператарскага адзення, таму ў мінулым тканіна не была шырока распаўсюджаная ў грамадстве. Хоць часы манархаў і іхніх двароў прайшлі, рамяство ўдалося захаваць. Юньцзінь заслугоўвае, каб пра яе даведалася больш людзей, гэта адна з вяршынь майстэрства ў традыцыі кітайскіх шаўковых вырабаў».

Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены творы мастацтва з Інданэзіі, Ірана і Венгрыі. І гэта толькі частка праграмы мастацкай выставы ў шанхайскім арт-цэнтры.

Куратар арт-цэнтра "Бааку Цзяньсінь" Е Байфэн сказаў: "Пакуль працягваецца Шанхайскі турыстычны фестываль, мы праводзім выставу, каб натхніць сем'і сабрацца разам і ацаніць прыгажосць экспанатаў і інтэр'ер гэтага будынка. У нас таксама ёсць майстар-класы для людзей любога ўзросту, дзе можна паспрабаваць традыцыйныя тэхнікі і, магчыма, знайсці новае хобі".

Падчас Свята сярэдзіны восені Бааку адкрывае зоны, звычайна закрытыя для публікі, сярод іх падземнае сховішча плошчай 7000 квадратных метраў і самы высокі ў свеце крыты кітайскі сад на вышыні 173 метраў. Выстава будзе доўжыцца да 17 кастрычніка.


Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ