Кітай распрацаваў новае знешняе тэрмарэгулюючае пакрыццё для касмічных апаратаў
Кітайскія вучоныя распрацавалі знешняе тэрмарэгулюючае пакрыццё з матэрыялаў на металічнай аснове для пілатуемага касмічнага карабля "Шэньчжоу-14", якое дае магчымасць абараняць тайканаўтаў ад уздзеяння экстрэмальнай спякоты і вельмі нізкіх тэмператур у час іх шасцімесячнага знаходжання ў космасе.
Новае пакрыццё дзейнічае ў двух аспектах, у прыватнасці, нізкі ўзровень паглынання сонечнага выпраменьвання спрыяе эфектыўнаму кантролю павышэння тэмпературы, а нізкі каэфіцыент інфрачырвонай здольнасці выпраменьвання эфектыўна блакуе ўцечку выпраменьвання з унутраных памяшканняў касмічнага карабля ў навакольнае халоднае асяроддзе і прадухіляе зніжэнне тэмпературы ўнутры касмічнага апарата.
Перад экіпажам касмічнага карабля, якому даручана завяршыць будаўніцтва касмічнай станцыі "Цяньгун", стаяць задачы па правядзенні выпрабаванняў некалькіх складаных канфігурацый касмічнай станцыі на працягу шасці месяцаў. Пры запланаваным рэжыме стыкоўкі грузавых караблёў і лабараторных модуляў з асноўным модулем касмічнай станцыі касмічны карабель, верагодна, будзе ўвесь час засланяцца іншымі модулямі, у выніку чаго яго некаторыя ўчасткі доўгі час будуць знаходзіцца ва ўмовах вельмі нізкай тэмпературы, куды не пранікае сонечнае святло. Пры гэтым самая нізкая тэмпература будзе ніжэй за мінус 100 градусаў Цэльсія. А пры пэўных канфігурацыях станцыі лакальныя ўчасткі касмічнага карабля будуць увесь час апраменьвацца сонцам, пры гэтым максімальная тэмпература пераваліць за 100 градусаў Цэльсія.
Экстрэмальна высокія і нізкія тэмпературы навакольнага асяроддзя з'яўляюцца сур'ёзным выпрабаваннем для здароўя касманаўтаў і нармальнай працы абсталявання касмічнага карабля.
Тэрмарэгулюючае пакрыццё, распрацаванае Кітайскай акадэміяй касмічных тэхналогій /CAST/, упершыню было выкарыстана для канструкцыі касмічнага карабля "Шэньчжоу-13", які быў запушчаны ў космас 16 кастрычніка 2021 года. Падчас місіі вяліся запісы аб тэмпературы ўнутры карабля і знешніх тэмпературах, і, улічваючы такія фактары, як вялікая розніца тэмператур у касмічным асяроддзі, працяглыя нізкія тэмпературы і моцная радыяцыя, тэмпература ў модулі заўсёды кантралявалася на ўзроўні 18-26 градусаў Цэльсія, што стварала ў "доме на арбіце" камфортныя тэмпературныя ўмовы для касманаўтаў падчас шасцімесячнага падарожжа ў космас.
5 чэрвеня 2022 года Кітай запусціў касмічны карабель "Шэньчжоу-14", адправіўшы трох касманаўтаў на касмічную станцыю для выканання шасцімесячнай місіі. У час знаходжання на арбіце экіпаж стане сведкам стыкоўкі двух лабараторных модуляў, грузавога карабля "Цяньчжоу-5" і касмічнага карабля з экіпажам "Шэньчжоу-15" з асноўным модулем "Цяньхэ".