Кітай прыняў рашэнне аб удасканаленні выбарчай сістэмы ў САР Сянган
Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў у чацвер прыняў рашэнне аб удасканаленні выбарчай сістэмы ў Спецыяльным адміністрацыйным раёне Сянган.
Рашэнне прынята пераважнай большасцю галасоў на 4-й сесіі УСНП 13-га склікання.
Гэта рашэнне з'яўляецца чарговым важным крокам дзяржавы па ўдасканаленні прававой і палітычнай сістэм САР Сянган услед за прыняццем у чэрвені 2020 года Закона аб абароне нацыянальнай бяспекі ў САР Сянган.
Па выніках разгляду праекта рашэння на сесіі УСНП адзначылі, што Сянган зноў уключаны ў сістэму дзяржаўнага кіравання, а Канстытуцыя КНР і Асноўны закон КНР аб САР Сянган сумесна ўтвараюць канстытуцыйную аснову САР Сянган.
Выбарчая сістэма ў САР Сянган, якая ўключае ў сябе метады абрання кіраўніка адміністрацыі і фарміравання Заканадаўчага савета, з'яўляецца важнай часткай палітычнай структуры САР Сянган, адзначаецца на сесіі.
Выбарчая сістэма павінна адпавядаць курсу "адна дзяржава — два лады", адпавядаць рэаліям САР Сянган і забяспечваць, каб Сянганам кіравалі людзі, якія любяць краіну і любяць Сянган.
Выбарчая сістэма павінна спрыяць абароне дзяржаўнага суверэнітэту, бяспекі і інтарэсаў Кітая ў галіне развіцця і спрыяць падтрыманню доўгатэрміновага росквіту і стабільнасці Сянгана, падкрэсліваецца на сесіі.
УСНП прыняло гэтае рашэнне з мэтай удасканалення выбарчай сістэмы ў САР Сянган і развіцця дэмакратычнай сістэмы, якая адпавядае рэаліям Сянгана, у адпаведнасці з Канстытуцыяй КНР, Асноўным законам аб САР Сянган і Законам КНР аб абароне нацыянальнай бяспекі ў САР Сянган.
Рашэнне складаецца з дзевяці артыкулаў:
- У працэсе ўдасканалення выбарчай сістэмы ў САР Сянган неабходна ў поўнай меры і дакладна ажыццяўляць курс "адна дзяржава — два лады" і прынцып "Сянганам кіруюць сянганцы ва ўмовах высокай ступені аўтаноміі", абараняць канстытуцыйны парадак у САР Сянган, вызначаны Канстытуцыяй КНР і Асноўным законам аб САР Сянган, належным чынам павышаць эфектыўнасць кіравання САР Сянган і гарантаваць правы пастаянных жыхароў САР Сянган абіраць і быць абранымі.
- Прадугледжваецца стварэнне ў САР Сянган выбарчай камісіі, якая валодае шырокай прадстаўнічасцю, адпавядае рэаліям САР і прадстаўляе агульныя інтарэсы грамадства. Яна адказвае за абранне кіраўніка адміністрацыі, які ўступіць у пасаду пасля прызначэння цэнтральным урадам, і часткі членаў Заканадаўчага савета, а таксама нясе адказнасць за вылучэнне кандыдатаў на пасаду кіраўніка адміністрацыі і членаў Заканадаўчага савета і іншыя справы. Выбарчая камісія складаецца з 1500 прадстаўнікоў пяці сектараў.
- Кіраўнік адміністрацыі САР Сянган выбіраецца выбарчай камісіяй і прызначаецца Цэнтральным урадам КНР. Кандыдата на пасаду кіраўніка адміністрацыі павінны сумесна вылучыць не менш за 188 членаў выбарчай камісіі, у тым ліку не менш за 15 прадстаўнікоў ад кожнага з 5 сектараў. Выбарчая камісія выбірае кіраўніка адміністрацыі САР Сянган тайным галасаваннем па прынцыпе "адзін чалавек — адзін голас". Для перамогі ў выбарах яму патрабуецца набраць больш за палову галасоў.
- Кожны тэрмін колькасць членаў Заканадаўчага савета САР Сянган складае 90 чалавек. Яны абіраюцца выбарчай камісіяй, функцыянальнымі групамі і праз прамыя акруговыя выбары.
- У САР Сянган будзе створана мандатная камісія, якая будзе займацца разглядам кандыдатур. Яна будзе несці адказнасць за разгляд і пацвярджэнне кампетэнцыі кандыдатаў у члены выбарчай камісіі, кіраўніка адміністрацыі і члены Заканадаўчага савета. САР Сянган абавязаны ўдасканаліць сістэму і механізмы, звязаныя з разглядам кампетэнцыі кандыдатур, каб забяспечыць адпаведнасць кампетэнцыі кандыдатур з Асноўным законам КНР аб САР Сянган, Законам КНР аб абароне нацыянальнай бяспекі ў САР Сянган, інтэрпрэтацыяй ПК УСНП адносна 104-га артыкула Асноўнага закона КНР аб САР Сянган, рашэннем ПК УСНП аб кампетэнцыі членаў Заканадаўчага савета САР Сянган, а таксама палажэнням адпаведных мясцовых законаў САР Сянган.
- ПК УСНП упаўнаважаны ў адпаведнасці з рашэннем аб удасканаленні выбарчай сістэмы ў САР Сянган унесці папраўкі ў Дадатак I "Парадак абрання кіраўніка адміністрацыі САР Сянган" і Дадатак II "Парадак фарміравання Заканадаўчага савета САР Сянган і працэдуры яго галасавання» да Асноўнага закона КНР аб САР Сянган.
- У адпаведнасці з даным рашэннем і Дадаткамі I і II да Асноўнага закона КНР аб САР Сянган з папраўкамі, унесенымі ПК УСНП, САР Сянган абавязаны ўнесці папраўкі ў адпаведныя мясцовыя законы і на прававой аснове арганізоўваць і рэгуляваць выбарчую дзейнасць.
- Кіраўнік адміністрацыі САР Сянган абавязваецца своечасова дакладваць Цэнтральнаму ўраду аб важных сітуацыях, якія тычацца выбарчай сістэмы і арганізацыі выбараў у САР Сянган.
Рашэнне ўступае ў сілу з дня публікацыі.