Кітай спадзяецца, што надзвычайная нарада кіраўнікоў АСЕАН прынясе карысць -- Ван І
Міністр замежных спраў Ван і 22 красавіка правёў асобныя тэлефонныя размовы з намеснікам прэм'ер-міністра Тайланда, міністрам замежных спраў Донам Праматвінаем, а таксама з другім міністрам замежных спраў Брунэя Эрыванам Пехінам Юсофам, падчас якіх бакі абмяняліся меркаваннямі адносна бягучай сітуацыі ў М'янме.
Ван І адзначыў выключную своечасовасць і крайнюю важнасць маючай адбыцца надзвычайнай нарады кіраўнікоў АСЕАН. Паводле яго слоў, Кітай спадзяецца, што гэтая нарада адыграе канструктыўную ролю ў разрадцы напружанасці ў М'янме, накіруе свету станоўчы сігнал і прынясе карысць.
Па-першае, будзе аказана садзейнічанне мірнаму ўрэгуляванню ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў М'янме. Усе бакі ў М'янме павінны шукаць выйсце са становішча ў канстытуцыйна-прававых рамках, прыходзіць да новага ўзаемаразумення пры дапамозе палітычнага дыялогу, а таксама працягваць дасягнутыя дэмакратычныя пераўтварэнні ў краіне. Кітай спадзяецца, што нарада натхніць м'янманскі бок засяродзіцца на інтарэсах краіны і народа, паслаць сігналы аб міры і мірным урэгуляванні.
Па-другое, будзе выяўлена канструктыўная роля АСЕАН. М'янма з'яўляецца членам вялікай сям'і АСЕАН, і АСЕАН разумее спецыфіку сітуацыі ў М'янме і валодае ўмовамі для канструктыўнага ўдзелу ў вырашэнні праблемы. Кітайскі бок спадзяецца, што АСЕАН будзе цвёрда прытрымлівацца салідарнага, інклюзіўнага і ўзгодненага падыходу АСЕАН, сфарміруе адзіную пазіцыю, выкажа агульнае меркаванне і тым самым прадэманструе сусветнай супольнасці, што АСЕАН валодае дастатковай палітычнай мудрасцю і калектыўнай воляй, каб аказаць канструктыўную дапамогу М'янме.
Па-трэцяе, Кітай заклікае міжнародную супольнасць заняць аб'ектыўную і справядлівую пазіцыю, прыкласці больш намаганняў для разрадкі напружанай сітуацыі ў М'янме. Зараз неабходна калектыўна падтрымаць АСЕАН і яго належную ролю ў гэтым пытанні.
Як адзначыў Ван І, нарада стане для сітуацыі ў М'янме добрым пачаткам "мяккай пасадкі". Кітай будзе і далей падтрымліваць Брунэй у выкананні абавязкаў краіны-старшыні АСЕАН, указаў Ван І, выказаўшы спадзяванне, што Тайланд, Брунэй і ўсе краіны АСЕАН змогуць унесці асаблівы ўклад у паспяховае правядзенне мерапрыемства. Кітай мае намер падтрымліваць цесныя кантакты з АСЕАН і працягваць працу з м'янманскім бокам.