II Кітайска-беларускі конкурс інавацыйных праектаў праходзіць у Мінску

2021-05-21 15:56:22
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

У чацвер у Мінску адкрыўся II Кітайска-беларускі маладзёжны конкурс навукова-даследчых і інавацыйных праектаў. Студэнты, магістранты, аспіранты і маладыя навукоўцы з прэзентацыямі сваіх праектаў прынялі ўдзел у конкурсе.

Асноўная мэта — падтрымка таленавітых маладых інаватараў і актывізацыя маладзёжнага супрацоўніцтва ў адукацыі, навуцы і тэхніцы. Падчас двухдзённага конкурсу ўдзельнікі прэзентуюць свае праекты ў такіх намінацыях, як інфармацыйныя тэхналогіі, Big Data, робататэхніка, штучны інтэлект; матэрыялы і хімічныя прадукты, машынабудаванне і металургія; экалогія, рацыянальнае прыродакарыстанне, перапрацоўка адходаў, энергазберажэнне, сельская гаспадарка; медыцына, санітарыя, медыцынская тэхніка; адукацыйныя тэхналогіі, інавацыі ў эканоміцы, культуры і мастацтве.

Выступаючы на цырымоніі адкрыцця конкурсу, пасол Кітая ў Беларусі Се Сяfюн адзначыў, што кітайска-беларускае навуковае супрацоўніцтва дынамічна развіваецца на аснове шматлікіх пагадненняў паміж навуковымі ўстановамі. Падпісаныя двухбаковыя дакументы спрыяюць стварэнню сумесных лабараторый ў такіх галінах, як аптычныя, электронныя, магнітныя, плазменныя тэхналогіі.

Дыпламат адзначыў, што маладзёжны конкурс навукова-даследчых і інавацыйных праектаў з'яўляецца вельмі важным мерапрыемствам. "Ён можа павысіць дасведчанасць моладзі аб інавацыйных даследаваннях, стымуляваць іх энтузіязм, эфектыўна палепшыць навукова-даследчыя і практычныя здольнасці студэнтаў універсітэтаў, а таксама паспрыяць раскрыццю навуковых талентаў з інавацыйным патэнцыялам у галіне навукі і тэхнікі, — сказаў ён. — У той жа час, калі кітайскія і беларускія маладыя людзі спаборнічаюць на адной сцэне, яны могуць абменьвацца досведам і вучыцца адзін у аднаго, каб умацоўваць паразуменне і сяброўства паміж дзвюма краінамі".

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін адзначыў, што супрацоўніцтва з Кітаем развіваецца дынамічна і па шырокім спектры напрамкаў. "За апошнія 5 гадоў колькасць беларуска-кітайскіх праектаў павялічылася больш чым на 50%. Нашы навукоўцы пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і Міністэрства навукі і тэхналогій Кітая паспяхова рэалізуюць праекты ў галіне мікраэлектронікі, аптычных і лазерных тэхналогій, біятэхналогій і новых матэрыялаў", — сказаў ён.

Па словах Шуміліна, у Беларусі і Кітаі вялікае значэнне надаецца развіццю моладзевага прадпрымальніцтва і інавацыйнага бізнесу. "Менавіта гэтыя сектары найбольш мабільныя і гнуткія. Колькасць заявак, пададзеных у бягучым годзе, пацвярджае запатрабаванасць мерапрыемства сярод таленавітай моладзі. Можна з упэўненасцю сказаць, што правядзенне такога конкурсу — доўгатэрміновая інвестыцыя ў развіццё беларуска-кітайскіх адносін", — падкрэсліў ён.

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ