Кітай заканадаўча абавязаў бацькоў і правайдараў абмяжоўваць прысутнасць дзяцей у Інтэрнэце
Кітай заканадаўча абавязаў бацькоў, школы і правайдараў абмяжоўваць прысутнасць дзяцей у інтэрнэце. Адпаведныя папраўкі да Закона КНР аб абароне непаўналетніх уступілі ў сілу 1 чэрвеня.
У прыватнасці, новы закон патрабуе ад бацькоў усталёўваць на мабільныя тэлефоны і кампутары дадаткі, якія абмяжоўваюць доступ да сумнеўнага кантэнту. Бацькі і іншыя папячыцелі таксама будуць павінны абмежаваць час знаходжання дзяцей у інтэрнэце. Гэтым жа, па законе, зоймуцца аператары анлайн-гульняў і службаў кароткіх відэа: ад іх запатрабавалі ўсталяваць часовыя ліміты для непаўналетніх карыстальнікаў.
Новыя папраўкі, перш за ўсё, накіраваныя на прафілактыку інтэрнэт-залежнасці сярод падлеткаў. 23,6% маладых людзей у Кітаі гуляюць у анлайн-гульні як мінімум чатыры дні на тыдзень, 17,7% — кожны дзень.
"Інтэрнэт-залежнасць наўпрост б'е па нашых жыццях. Кожны пяты падлетак ужо стаў або знаходзіцца на мяжы залежнасці ад анлайн-гульняў", — канстатуе кіраўнік даследавання Чжоу Хуачжэнь. Яна нагадала, што у 2018 годзе гульнявая залежнасць была прызнана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя псіхічным адхіленнем.
Сярод іншых паправак у Законе — забарона на празмерную вучэбную нагрузку на школьнікаў. Папраўкі мяркуюць, што дзеці павінны быць забяспечаны належным часам на адпачынак, забавы і фізічныя практыкаванні, а таксама школы павінны супрацоўнічаць з бацькамі і іншымі папячыцелямі ў мэтах трымаць навучальныя гадзіны ў разумных межах.
У дакумент таксама ўнесены палажэнні, якія забараняюць бацькам і іншым папячыцелям далучаць непаўналетніх да электронных цыгарэт.