Кітай заклікае Японію прытрымлівацца дамоўленасцяў у дачыненні да тайваньскага пытання - МЗС
Кітай выказаў моцную незадаволенасць з нагоды выказванняў прэм'ер-міністра Японіі Есіхідэ Сугі, які назваў Тайвань "краінай", і зрабіў у гэтай сувязі строгае прадстаўленне японскаму боку, паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР.
Як заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Ван Вэньбінь на штодзённым брыфінгу для журналістаў, кіраўнік урада Японіі адкрыта назваў Тайвань "краінай", што рэзка супярэчыць прынцыпам, замацаваным у чатырох кітайска-японскіх палітычных дакументах, у тым ліку ў Сумеснай кітайска-японскай заяве, а таксама сур'ёзна парушае шматразовыя ўрачыстыя абяцанні японскага боку "не разглядаць Тайвань як дзяржаву".
Кітай патрабуе ад Японіі неадкладных тлумачэнняў, каб ліквідаваць негатыўныя наступствы і гарантаваць, што падобныя сітуацыі не паўторацца надалей, заявіў афіцыйны прадстаўнік.
У свеце існуе толькі адзін Кітай, Тайвань з'яўляецца неад'емнай часткай тэрыторыі Кітая, падкрэсліў Ван Вэньбінь. Тайваньскае пытанне закранае палітычныя асновы кітайска-японскіх адносін, базавы давер паміж дзвюма краінамі, а таксама міжнародную законнасць і справядлівасць, дадаў дыпламат.
"Мы з усёй сур'ёзнасцю заклікаем японскі бок строга прытрымлівацца дамоўленасцяў у тайваньскім пытанні, захоўваць асцярожнасць у словах і ўчынках, не дапускаць якіх-небудзь дзеянняў, што падрываюць суверэнітэт Кітая, і не пасылаць якія-небудзь ілжывыя сігналы сілам "незалежнасці Тайваня"", - падкрэсліў кітайскі дыпламат.