Музыкі з Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна адраджаюць традыцыйную казахскую музыку
Маляўнічыя пашы Нарат раскінуліся амаль на 1000 кв. км. Фальклорная зона з турыстычным кемпінгам - адна з самых вядомых славутасцяў Сіньцзяна, аднак, з нядаўняга часу візіцёры едуць сюды не толькі для таго, каб палюбавацца прыроднай прыгажосцю, але і атрымаць асалоду ад гучання музыкі.
Нарат - гэта "месца, дзе нараджаецца сонечнае святло", а з нядаўняга часу, яшчэ і музыка. Гэтыя хлопцы ператварылі стэпы ў адну вялікую канцэртную пляцоўку.
Тры гады таму Ван Хайтаа вырашыў вярнуцца ў родную Ілі-Казахскую аўтаномную акругу і сабраць музычны гурт.
Лідар гурта "Нарат" Ван Хайтаа адзначыў: "У мясцовай адміністрацыі мне паабяцалі дапамагчы з абсталяваннем і налічылі невялікі заробак. Тутэйшыя пейзажы вельмі натхняльныя для творчасці, неабходна было знайсці музыкаў, я патэлефанаваў знаёмым хлопцам".
У групе восем чалавек, ханьцы і казахі. "Нарат" моцна звязаў іх лёсы, усе яны нарадзіліся або выраслі тут - на абшарах бязмежных стэпаў.
Музыка гурта "Нарат" Махзан Бейсемхан адзначыў: "Гаворка ідзе пра сучасную музыку з фальклорнымі элементамі. Наша задача - пазнаёміць як мага больш людзей з нашай гісторыяй і культурай".
Для гэтага музыкі выкарыстоўваюць народныя інструменты, іх аўтэнтычнае гучанне надае незабыўны каларыт музычным кампазіцыям.
Летась стройную музычную гармонію разбавіў казахскі сыбыгзы – традыцыйны духавы інструмент.
Музыка гурта "Нарат" Улан Халтай сказаў: "Насамрэч, сыбызгы – гэта сольны інструмент, раней на ім гралі пастухі. Мы вырашылі ўключыць яго ў склад гурта і не пралічыліся. Наша музыка набыла новыя фарбы".
Сёння музычны гурт мае ўсё больш прыхільнікаў сярод турыстаў у Сіньцзяне.
Музыка гурта "Нарат" Халем Алемджан адзначыў: "Падчас канцэрта турысты адчуваюць гармонію музыкі і прыроды. Я думаю, гэта галоўная мэта нашай творчасці".
Хлопцам трэба прайсці доўгі шлях перш, чым іх самабытная музыка здабудзе нацыянальна-культурную ідэнтычнасць.
Лідар гурта "Нарат" Ван Хайтаа заявіў: "Мы хочам, каб нашу музыку не блыталі з уйгурскай, а юрту не называлі мангольскай".
У планах маладых музыкантаў адправіцца ў турнэ, як толькі скончыцца пандэмія, а яшчэ яны шчыра спадзяюцца на тое, што ў Сіньцзян будуць прыязджаць людзі не толькі для таго, каб паглядзець на мясцовыя славутасці, жывапісныя вадаспады, пячоры і пашы, але яшчэ і паслухаць музыку стэпаў - іх музыку.