"Ледзяны куб" у Пекіне цалкам гатовы да правядзення Зімовых Гульняў
Пекінскі Нацыянальны плавальны комплекс, знакаміты "Водны куб", завяршыў трансфармацыю напярэдадні Зімовай Алімпіяды. Цяпер ужо "Ледзяны куб" праходзіць тэставыя выпрабаванні і прымае першыя міжнародныя спаборніцтвы.
Фінальнае заліванне лёду перад Зімовымі гульнямі. Інжынеры Ледзянога куба з 2017 года рэгулярна ўдасканальваюць сістэму падтрымных канструкцый, астуджальных труб і ізаляцыйных пластоў. Зараз арэну рыхтуюць для спаборніцтваў па кёрлінгу. На лёд дадаткова наносяць драбнюткія кропелькі вады. Застылыя грудкі памяншаюць трэнне і дазваляюць гульнявым камяням лепш слізгаць.
Намеснік галоўнага лядовага тэхніка спарткомплексу "Ледзяны куб" Ганс Вутрых адзначыў: "Мы спрабуем розныя віды лёду для лепшага выніку. У дзень залівання мы зрабілі грудкі аднаго памеру, але рознай тэмпературы. На кожнай гульнявой дарожцы мы правялі серыю тэстаў, каб пераканацца, што камяні круцяцца і слізгаюць з патрэбнай хуткасцю".
Пасля праверкі якасці вады, сістэм кандыцыянавання, асвятлення і тэмпературы ў памяшканнях, трансфармацыя Воднага куба ў Ледзяны афіцыйна завершана. Падчас Летніх Гульняў 2008 года тут праводзіліся спаборніцтвы па плаванні, зараз у раскладзе - кёрлінг.
Намеснік дырэктара па арэне і лагістыцы спарткомплексу "Ледзяны куб" Ян Цыюн заявіў: "На поўнае заліванне лёду ў нас пайшло 18-19 дзён згодна з алімпійскімі стандартамі. Мы не плануем перарабляць лёд. Гэта паверхня будзе выкарыстоўвацца падчас Алімпійскіх гульняў".
Зараз у Ледзяным кубе праходзяць тэставыя выпрабаванні - чэмпіянат свету па кёрлінгу на калясках. Афіцыйныя асобы збіраюць водгукі ўдзельнікаў, каб скарэктаваць верхні слой ледзянога пакрыцця з улікам пажаданняў спартсменаў перад стартам Зімовай Алімпіяды ў лютым.