Кітайскія банкі адпрацоўваюць схемы крэдытавання прадпрыемстваў у рамках аднаго вытворчага ланцужка
Пленум ЦК КПК, што прайшоў на мінулым тыдні, падкрэсліў важнасць умацавання вытворчых ланцужкоў. Ва ўмовах пандэміі і ўзмацнення глабальнай канкурэнцыі бесперабойныя пастаўкі сыравіны і камплектуючых крытычна важныя для эканамічнай бяспекі краіны. Паспяхова гэтую праблему вырашаюць у сталіцы электроннай прамысловасці Кітая.
Шэньчжэньская кампанія "Джышайл Тэкноладжы" вырабляе камплектуючыя і абсталяванне для вышак мабільнай сувязі. Высокатэхналагічны бізнэс патрабуе бесперабойных паставак.
Намеснік гендырэктара кампаніі па вытворчасці тэлекам-абсталявання Shenzhen Geshile Technology Сюй Мін адзначыў: "Ланцужок паставак – наш галоўны клопат. Калі нейкія камплектуючыя не пастаўлены своечасова, да прыкладу, з-за фінансавых праблем падрадчыкаў, гэта паўплывае на пастаўку нашай прадукцыі".
Большасць пастаўшчыкоў вытворцы са сталіцы электроннай прамысловасці Кітая - малыя і сярэднія прадпрыемствы. Іх абароту часта не хапае на фінансаванне закупак. У апошні час праблема абвастрылася з-за росту сусветных коштаў на сыравіну.
Намеснік гендырэктара кампаніі па вытворчасці тэлекам-абсталявання Shenzhen Geshile Technology Сюй Мін адзначыў: "Гэтая маленькая дэталь зроблена з алюмінію, а кошты на яго сёлета ўзляцелі на 50%. З таго часу, як пастаўшчык гэтых дэталяў далучыўся да нас на платформе электроннага крэдытавання ICBC, ён стаў часткай нашага крэдытнага профіля, што дазваляе яму вытрымліваць рост коштаў і закупляць сыравіну як звычайна".
Прамыслова-камерцыйны банк Кітая ICBC ужо некалькі гадоў крэдытуе не толькі асобныя кампаніі, але і цэлыя вытворчыя ланцужкі. Яго сэрвіс электроннага крэдытавання прызначаны для малых і сярэдніх кампаній, якія складаюць здзелкі на інтэрнэт-пляцоўках або ў рамках электронных ERP-платформаў па планаванні рэсурсаў прадпрыемства.
Віцэ-прэзідэнт Шэньчжэньскага філіяла Прамыслова-камерцыйнага банка Кітая (ICBC) Ян Фань адзначыў, што фінансаванне вытворчых ланцужкоў – справа не новая. Але сэрвіс электроннага крэдытавання ICBC спалучае такія прадукты з тэхналогіяй блокчэйн, што дазваляе абслугоўваць шматузроўневых пастаўшчыкоў своечасова і з нізкімі выдаткамі. “Усё, што трэба зрабіць асноўнаму прадпрыемству ў ланцужку - гэта зайсці ў сістэму і правесці плацёж свайму пастаўшчыку, выпусціўшы анлайн-крэдыт, які становіцца часткай іх крэдытнай лініі ў банку”, -- сцвярджае ён.
Гарантыйным забеспячэннем такога крэдыту для пастаўшчыка становіцца замова асноўнага прадпрыемства ў вытворчым ланцужку. Паколькі ўсе здзелкі паміж імі ў электронным выглядзе, банку прасцей пралічыць рызыкі невяртання. У выніку выйграюць усе бакі, у тым ліку дзяржава. Стабілізацыя ланцужкоў паставак падтрымлівае будаўніцтва моцнага ўнутранага рынку.