У Пекіне праходзіць штогадовы дабрачынны кірмаш
У Пекіне стартаваў штогадовы міжнародны дабрачынны кірмаш. Па традыцыі тавары для распродажу даюць замежныя пасольствы і кампаніі. На працягу тыдня праз інтэрнэт можна набыць, напрыклад, аліўкавы алей з Італіі або калекцыйнае малдаўскае віно. Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на развіццё сельскіх раёнаў Кітая.
Больш за 160 прадстаўнікоў замежных дыпмісій і міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у КНР, прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця дабрачыннага кірмашу "Каханне не ведае межаў" у Пекіне. Праграма стартавала ў 2009 годзе па ініцыятыве Цянь Вэй, жонкі міністра замежных спраў Кітая Ван І. Мэта мерапрыемства -- дапамога сельскім жыхарам у небагатых раёнах Кітая. Сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку адукацыі, аховы здароўя і інфраструктуры.
Арганізатары плануюць накіраваць атрыманыя сродкі на закупку новага медыцынскага абсталявання для Народнай бальніцы павета Цзіньпін і Бальніцы па ахове здароўя маці і дзіцяці ў павеце Маліпо ў правінцыі Юньнань. З-за пандэміі сёлета кірмаш праходзіць у анлайн-фармаце. На працягу тыдня дабрачынныя лоты можна набыць на кітайскай пляцоўцы электроннай камерцыі Таовао. Свае нацыянальныя тавары прадэманстравалі дыпламаты са Шры-Ланкі, Ірландыі, Італіі, Інданезіі і Пакістана. Пасол Малдовы ў Кітаі прывёз больш за 400 бутэлек віна агульным коштам 20 тысяч долараў.
Упаўнаважаны прадстаўнік Італіі па гандлі ў КНР Джанпаўла Бруна адзначыў: "Мы прадаставілі прадукты італьянскай кухні, воцат і аліўкавы алей. Я ганаруся быць тут і прадстаўляць Італію. Свет павінен быць адзіны, каб дапамагаць".
За 12 гадоў правядзення дабрачыннага кірмашу 22 замежныя пасольствы і міжнародныя арганізацыі былі адзначаны за свой уклад у дапамогу малазабяспечанаму насельніцтву ў Кітаі.