Падарожжа дэлегацыі беларускіх дзяцей па Кітаі працягваецца. Сёння пасля таго, як яны ўбачылі панду і іншых жывёл у Пекінскім заапарку, маленькія госці Сі Цзіньпіна накіраваліся ў прыморскі Ціньдаа, дзе для іх падрыхтавана цікавая праграма .
А напярэдадні адбылася сустрэча кітайскіх і беларускіх дзяцей у Доме піянераў раёна Дунчэн. Там адбыўся сумесны канцэрт, у якім удзельнічалі і беларускія, і кітайскія юныя артысты. Танцы і песні, цудоўны настрой і сяброўскія пачуцці панавалі на сцэне.
Не абышлі ўвагай арганізатары сустрэчы і шматлікія традыцыйныя майстэрствы, якім навучаюцца ў Доме піянераў. Беларускія дзеці разам са сваімі аднагодкамі з Кітая змаглі навучыцца размалёўваць вееры, выразаць з паперы, пісаць іерогліфы, танцаваць і нават намаляваць сумесную карціну. Здаецца, такія сустрэчы сапраўды набліжаюць дзяцей адно да аднаго, дапамагаючы спасцігаць культуру і традыцыі іншага народа.
Вольга Гальпяровіч,
Беларуская служба МРК