Дзяржкамітэт па справах развіцця і рэформаў КНР абвясціў аб новых мерах па прасоўванні праграмы трэйд-ін. У ведамстве паведамілі, што каля 300 млрд юаняў у выглядзе звышдоўгіх спецыяльных казначэйскіх аблігацый будуць накіраваны на садзейнічанне буйнамаштабнаму абнаўленню абсталявання і замене старых спажывецкіх тавараў на новыя.
Праграмай трэйд-ін будзе ахоплена абнаўленне энергетычнага абсталявання, старых ліфтаў, суднаў, грузавікоў, сельскагаспадарчай тэхнікі, гаворыцца ў паведамленні Дзяржкамітэта.
З цэнтральнага бюджэту дадуць субсідыі на выплаты працэнтаў у памеры 20 млн юаняў фінансавым установам для падтрымкі абнаўлення абсталявання і тэхнічнай мадэрнізацыі, дадалі ў паведамленні.
У Кітаі сфарміравалася сістэма дзяржаўных мер у сферы садзейнічання буйнамаштабнаму абнаўленню абсталявання і замене старых спажывецкіх тавараў на новыя, у той час як улады 31 адміністрацыйнай адзінкі правінцыйнага ўзроўню апублікавалі планы дзеянняў у рамках гэтай праграмы.