Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцерагае прадпрымальнікаў ад шантажу улады. Пра гэта ён заявіў у аўторак на нарадзе па праекце ўказа "Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі", перадаюць мясцовыя СМІ.
Урад Беларусі прапануе абавязаць усіх індывідуальных прадпрымальнікаў з 1 ліпеня дакументальна пацвярджаць набыццё прадукцыі, якая рэалізуецца. Зараз гэтага не патрабуецца, трэба толькі заплаціць адзіны падатак. Паводле слоў А.Лукашэнкі, у сувязі з магчымымі зменамі работы індывідуальных прадпрымальнікаў у апошні час з'явіліся спробы шантажу ўлады праз СМІ. Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз папярэдзіў прадпрымальнікаў аб недапушчальнасці падобных дзеянняў.
На нарадзе А.Лукашэнка таксама падкрэсліў, што канчатковае рашэнне будзе прынята зыходзячы з выгады для беларускіх спажыўцоў і дзяржавы, і, безумоўна, ні ў якім разе не парушаючы інтарэсы прадпрымальнікаў. - Р -