Мінскі трактарны завод пасля выставы ў ЗША плануе замацавацца на мясцовым рынку. Пра гэта паведаміла МЗС Беларусі.
У амерыканскім Луісвіле прайшла найбуйнейшая ў Паўночнай Амерыцы нацыянальная выстава сельскагаспадарчай тэхнікі. У маштабнай прэзентацыі прыняў удзел і МТЗ. Па выніках сустрэчы з кіраўніцтвам беларускага пасольства прадстаўнікі мэрыі Луісвіля прапанавалі разгледзець магчымасць арганізацыі вытворчасці прадукцыі машынабудаўнічай галіны Беларусі ў штаце Кентукі для наступных паставак на рынкі краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі.
Пастаўкі беларускіх трактароў у ЗША адноўлены ў студзені бягучага года пасля доўгага перапынку. Амерыканскія фермеры добра ведаюць беларускія трактары з часоў СССР, калі дылерская сетка трактароў "Беларус" у Паўночнай Амерыцы займала 4-5 месца сярод дылерскіх сетак іншых сусветных трактарных брэндаў. Машыны цэняць за іх надзейнасць, прастату ў абслугоўванні і прымальную цану. - Р -