Мары і мэты Кітая і Індыі падобныя, дзве краіны лічаць адна адну партнёрамі, а не канкурэнтамі, заявіў старшыня КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрай Дамодардасам Модзі ў панядзелак у бразільскім горадзе Форталеза.
Сі Цзіньпін адзначыў, што Кітай і Індыя - дзве найбуйнейшыя краіны ў свеце, якія развіваюцца, прычым абедзве - з рынкам, што фарміруецца. Яны зараз знаходзяцца на значным гістарычным этапе нацыянальнага адраджэння, таму ў найвышэйшай ступені шануюць мір і развіццё.
Кітай і Індыя, па словах Сі Цзіньпіна, з'яўляюцца адным з палюсоў свету, у іх шмат стратэгічных кропак судотыку. "Калі Кітай і Індыя загавораць ў адзін голас, увесь свет да іх прыслухаецца, калі Кітай і Індыя будуць узаемадзейнічаць, на іх зверне ўвагу ўвесь свет, - сказаў ён. - Мяркуючы па сітуацыі на двухбаковым, рэгіянальным і сусветным узроўні, Кітай і Індыя з'яўляюцца адзін для аднаго партнёрамі, а не канкурэнтамі".
"З'яднаем нашы намаганні для дасягнення мірнага і інклюзіўнага развіцця ва ўзаемадзеянні, а таксама паляпшэння дабрабыту насельніцтва дзвюх краін, якое складае ў цэлым 2, 5 млрд. чалавек, і для таго, каб надаць імпульс развіццю рэгіёна і нават усяго света - гэта асноўныя нашы агульныя інтарэсы", - сказаў Сі Цзіньпін.
"Я маю намер сумесна з прэм'ер-міністрам Модзі прыкласці намаганні да павышэння ўзроўню кітайска-індыйскіх адносін стратэгічнага партнёрства, каб разам адстойваць нашы магчымасці, абараняць мір і стабільнасць Азіі і на ўсёй планеце", - запэўніў суразмоўцу старшыня КНР.
Нарэндра Дамодардас Модзі адзначыў, што неўзабаве пасля таго, як ён заняў пасаду прэм'ер-міністра Індыі, старшыня КНР Сі Цзіньпін адразу ж накіраваў у Індыю з візітам міністра замежных спраў у якасці свайго спецпасланніка, а нядаўна Індыя, Кітай і М'янма сумесна правялі мерапрыемствы з нагоды 60-годдзя пяці прынцыпаў мірнага суіснавання. Падчас гэтых мерапрыемстваў "на цырымоніі Сі Цзіньпін выступіў з важным дакладам, які зрабіў на мяне моцнае ўражанне", - адзначыў ён.
"Новы індыйскі ўрад, які ўзначальваецца мною, гатовы паглыбіць індыйска-кітайскую дружбу і супрацоўніцтва. Гэта вельмі важна для Індыі, - заявіў яе прэм'ер. - Я буду падтрымліваць цесныя і спрыяльныя рабочыя сувязі са старшынёй Сі Цзіньпінам і з нецярпеннем чакаю яго дзяржаўнага візіту ў Індыю. Я таксама гатовы наведаць Кітай у зручны час".
Нарэндра Модзі таксама звярнуў увагу, што Індыя і Кітай - краіны са старажытнай цывілізацыяй, гісторыя культурных сувязяў паміж якімі сыходзіць у далёкае мінулае. У індыйскай і кітайскай нацый "адзін дух на два цела", таму "мы павінны паглыбіць паразуменне і выявіць сваю мудрасць, каб разам садзейнічаць міру і талерантнасці на міжнароднай арэне і процідзейнічаць глабальным праблемам і выклікам", - сказаў прэм'ер-міністр Індыі, адзначыўшы , што мірнае суіснаванне і агульнае развіццё Індыі і Кітая - гэта важны ўклад у справы міру і развіцця чалавецтва. - 0 -