Беларусь разглядае Сербію як перспектыўнага партнёра ў Еўропе і зацікаўлена ў нарошчванні ўзаемавыгадных адносін. Пра гэта ў сераду заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з паслом Сербіі Велька Кавачэвічам.
У. Андрэйчанка і В. Кавачэвіч упэўнены ў хуткім развіцці дзелавога патэнцыялу дзвюх краін. Сёння Сербія на парозе ўступлення ў ЕС, і гэта можа адкрыць дзверы ў Еўропу для тавараў, вырабленых разам з беларусамі. У той жа час праз Мінск сербы бачаць выхад для сваёй прадукцыі на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Паспяховыя прыклады сумеснага бізнесу ўжо ёсць - на Балканах збіраюць беларускія трактары і аўтобусы. Ідуць перамовы аб магчымай зборцы ліфтаў.
Па выніках мінулага года тавараабарот Беларусі і Сербіі склаў каля 200 млн. дол, але падчас чэрвеньскага візіту прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Бялград лідары абедзвюх краін дамовіліся аб павелічэнні гэтай лічбы да паўмільярда. У пацверджанне таму палітыкі падпісалі канкрэтныя дамоўленасці аб супрацоўніцтве. - 0 -