Кіраўніцтва так званых "Данецкай" і "Луганскай народных рэспублік" у чацвер напярэдадні пасяджэння трохбаковай кантактнай групы, якое пройдзе 5 верасня ў Мінску, прапанавала свой план мірнага ўрэгулявання сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе агенцтва Інтэрфакс.
Асноўным пунктам гэтага дакумента з'яўляецца "увядзенне з 15:00 5 верасня рэжыму часовага спынення агню" з боку сілавых структур Украіны і антыўрадавых фарміраванняў. З гэтага ж моманту прапануецца накласці забарону на палёты баявой авіяцыі над тэрыторыямі так званых "ДНР" і "ЛНР".
Акрамя таго, на думку кіраўніцтва дзвюх "рэспублік", міжнародная супольнасць пад эгідай АБСЕ павінна ажыццяўляць кантроль за выкананнем умоў спынення агню. У гэтых мэтах створаную зону бяспекі трэба будзе падзяліць на пяць сектараў, у кожным з якіх разгорне працу місія назіральнікаў у складзе да 40 чалавек.
Таксама дакумент змяшчае ініцыятыву адкрыць 7 верасня гуманітарныя калідоры для перамяшчэння бежанцаў і дастаўкі гуманітарных грузаў у Данецкую і Луганскую вобласці аўтамабільным і чыгуначным транспартам.
Украінскія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на згаданы мірны план. --0--