Кітайскія спецыялісты аднавілі першапачатковую расфарбоўку салдат Тэракотавай арміі

2021-12-15 12:59:29
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

Не ўсім вядома, што знакамітыя статуі кітайскіх воінаў і коней з магільні імператара Цінь Шыхуандзі насамрэч былі не проста Тэракотавымі. Кожную гліняную скульптуру пакрывала фарба, якая практычна не захавалася да моманту археалагічнага адкрыцця. Аднак сучасныя тэхналогіі дапамаглі аднавіць першапачатковую задуму стваральнікаў.

Тэракотавая армія, створаная 2200 гадоў таму, была знойдзена ў 1974 годзе. Паводле старажытных павер'яў, гэтыя салдаты павінны былі служыць першаму імператару Кітая Цінь Шыхуандзі ў замагільным жыцці. Сёння эксперты і археолагі ў правінцыі Шэньсі на паўночным захадзе Кітая пастаянна працуюць над захаваннем і рэстаўрацыяй гэтых скульптур, якія шмат распавялі сучаснаму чалавеку пра дынастыю Цінь. Гісторыкі сцвярджаюць, што войска стваралі каля 700 тысяч рамеснікаў на працягу сямі гадоў. І зараз амаль 50 гадоў захавальнікі рэліквій працуюць над аднаўленнем гліняных фігур. Могуць спатрэбіцца месяцы ці нават гады, каб сабраць фрагменты разам.

Лідар каманды рэстаўратараў Музея імператара Цінь Шыхуандзі Лань Дэшэн адзначае: "Майстэрства дынастыі Цінь было дасканалым, яно ўяўляе сабой высокую эстэтычную каштоўнасць. Мы павінны старанна працаваць над аднаўленнем фігур, каб воін мог сам стаяць на нагах. Мы стараемся ўмешвацца мінімальна і выкарыстоўваем матэрыялы, сумяшчальныя з рэліквіямі. Калі мы не зможам сабраць іх разам, то прыпыняем працу, пакуль не стануць даступныя больш перадавыя тэхналогіі".

Спецыялісты па рэстаўрацыі выкарыстоўваюць мікраскоп са звышглыбокай рэзкасцю. Часам яны выяўляюць адбіткі пальцаў і імёны старажытных майстроў, а таксама першапачатковыя колеры фігур. Фарбы адчувальныя да перападаў тэмпературы і вільготнасці. Да 1990-х гадоў не было тэхналогіі аднаўлення колеру. Але затым каманда распрацавала так званую тэхніку "паўторнага прымацавання пласта фарбы", якая дазволіла ўбачыць воінаў у іх сапраўдным колеры.

Лідар каманды рэстаўратараў Музея імператара Цінь Шыхуандзі Лань Дэшэн гаворыць: “Для размалёўвання тэракотавых воінаў выкарыстоўваліся розныя пігменты. Спачатку фігуры былі пакрыты лакам, а затым — трыма пластамі пігмента, каб яны выглядалі больш рэалістычна. Калі на гліне ёсць астаткі пігмента, мы бяром яго, а затым старанна наносім такі ж, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі”.

Часцей за ўсё выкарыстоўваліся светла-зялёны, пунсовы, бэзавы і блакітны колеры. Фарбу рабілі з мінералаў, прычым некаторыя з іх вельмі рэдкія. Большасць з гэтых колераў могуць быць у дакладнасці адноўлены сёння, за выключэннем аднаго, які называецца "кітайскі фіялетавы".

Намеснік дырэктара Музея імператара Цінь Шыхуандзі Чжоу Пін кажа: “Гэта самы асаблівы колер Тэракотавай арміі. Згодна з даследаваннямі, асноўным кампанентам “кітайскага фіялетавага” з'яўляецца сілікат барыю медзі. Ён вельмі далікатны. Выпадкі, калі нам удалося выявіць яго на тэракотавых воінах і конях -- адзінкавыя ".

Кітайскі фіялетавы лічыцца першым у гісторыі штучным пурпурным фарбавальнікам. Паколькі ён існаваў толькі ў часы дынастый Цінь і Хань, гэта робіць яго яшчэ больш каштоўным.

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ