Пераход на газавае ацяпленне пазбавіў дзясяткі кітайскіх гарадоў ад зімовага смогу

2021-11-18 13:05:17
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

У паўночных рэгіёнах Кітая стартаваў ацяпляльны сезон. Яшчэ зусім нядаўна адначасовы запуск сотняў кацельняў азначаў, што гарады надоўга накрые свінцовая смуга. У апошнія гады, аднак, зімовы смог бачны ўсё радзей, а ў некаторых правінцыях аб ім і зусім пачалі забываць. Якія меры дапамаглі ачысціць паветра і вярнуць сіняе неба – пра гэта мы паразмаўлялі з прафесіяналамі.

43-гадовы Цзун Сімін аддаў працы на гэтай ЦЭЦ у горадзе Чжэнчжоу амаль палову свайго жыцця. Кожны лістапад сюды дастаўлялі тысячы тон вугалю, якія трэба было спаліць для ацяплення гарадскіх кварталаў. Нядаўна праца рэзка змянілася - кацельні пачалі адмаўляцца ад вугалю на карысць прыроднага газу. Ацяпляць ім даражэй, але куды больш экалагічна.

Мэнэджар цепласеткавай кампаніі Zhengzhou Thermal Power Supply Цзун Сімін сказаў: "Калі мы працавалі на вугалі, нам патрабавалася значна больш працоўных рук, а ўмовы працы былі нашмат горшыя. Кацельня вылучала вуглякіслы газ, дыяксід серы і іншыя забруджвальныя рэчывы, якія шкодзілі навакольнаму асяроддзю. Цяпер яна працуе на прыродным газе. Гэта экалагічна і эфектыўна".

Пераход на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі - у тым ліку і цеплавыя - у Чжэнчжоу пачалі ў 2013 годзе. З таго часу ўсе вугальныя катлы на пяці гарадскіх ЦЭЦ былі пераўтвораны ў газавыя ўстаноўкі. Яшчэ чатыры цеплаэлектрастанцыі пабудавалі з нуля - і адразу на прыродным газе. Экалагічнае ацяпленне зараз ахоплівае амаль 1,5 мільёна кватэр.

Праектны менеджэр Zhengzhou Thermal Power Supply Лі Юнчжун адзначыў: "Наша кампанія пачала адмаўляцца ад вугалю даволі рана, і мы будзем працягваць імкнуцца да гэтай мэты. Гэта наш уклад у справу абароны навакольнага асяроддзя".

Скарачэнне залежнасці ад вугалю адразу ж адбілася на якасці паветра.

Жыхар Чжэнчжоу Чжаа Сяабо прызнаецца, што раней зімой у Чжэнчжоу часта бачылі моцны смог. Зараз сітуацыя куды лепшая. Ён мяркуе, што сваю ролю адыграў пераход на чыстыя крыніцы энергіі.

Жыхар Чжэнчжоу Чжан Лян падтрымлівае падыход Кітая да барацьбы са змяненнем клімату. Ён кажа, што сам зробіць усё магчымае, каб дапамагчы дасягнуць мэты. Напрыклад, як мага часцей карыстацца грамадскім транспартам.

У красавіку Дзяржупраўленне па справах энергетыкі КНР распарадзілася перавесці на чыстую энергію ацяпленне 70 працэнтаў хатніх гаспадарак у паўночных рэгіёнах Кітая. Пакуль адны рэгіёны пераабсталююць вугальныя кацельні ў газавыя, іншыя рэалізуюць яшчэ больш амбіцыйныя праекты. Так, горад Хаян правінцыі Шаньдун першым у краіне запусціў ацяпленне на атамнай энергіі - цяплом там забяспечылі дамы больш за 200 тысяч чалавек.

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ