Касманаўты экіпажа "Шэньчжоу-13" другі раз выйшлі ў адкрыты космас

2021-12-28 13:20:12
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

Экіпаж касмічнага карабля "Шэньчжоу-13" другі раз выйшаў у адкрыты космас. У нядзелю кітайскія касманаўты 6 гадзін усталёўвалі дадатковы кампанент у рабатызаваную руку-маніпулятар і сінхранізавалі яе працу з камерай галоўнага модуля арбітальнай станцыі "Цяньгун", якая будуецца. Другі выхад у адкрыты космас "Шэньчжоу-13" выканалі Чжай Чжыган і Е Гуанфу. Ван Япін кантралявала аперацыю ў модулі "Цяньхэ".

Першы раз экіпаж "Шэньчжоу-13" пакідаў межы касмічнай станцыі 7 лістапада. Тады 41-гадовая Ван Япін стала першай кітаянкай, якая выйшла ў адкрыты космас. На гэты раз яе калегі скарэктавалі становішча панарамнай камеры, устанавілі яшчэ адзін кампанент рабатызаванай рукі-маніпулятара і пратэставалі іх сінхронную працу.

Намеснік начальніка сістэмы падрыхтоўкі касманаўтаў Упраўлення пілатуемай касманаўтыкі КНР Інь Жуй адзначыў: "Уся дзейнасць на арбіце адпрацоўваецца на Зямлі. Усе задачы, якія касманаўты выконваюць у космасе, яны адпрацоўвалі не менш за 10 разоў пад вадой, усталяваўшы для сябе вельмі высокія стандарты. Відавочна, што на арбіце яны ўсё робяць бездакорна і ўпэўнена".

Будаўніцтва кітайскай касмічнай станцыі "Цяньгун" уступае ў ключавую фазу. У красавіку на 370-кіламетровую арбіту запусцілі яе галоўны модуль "Цяньхэ". У наступным годзе да яго павінны прыстыкаваць яшчэ два навукова-эксперыментальныя модулі. Забеспячэнне станцыі, якая будуецца, падтрымліваюць аўтаматычныя грузавікі серыі "Цяньчжоу", зменныя экіпажы пілатуемых караблёў "Шэньчжоу" займаюцца мантажом і тэсціраваннем абсталявання.

Галоўны канструктар Кітайскай пілатуемай касмічнай праграмы Чжоу Цзяньпін: "Праца на станцыі ідзе паспяхова. Усе ключавыя тэхналогіі будаўніцтва прайшлі праверку, усе функцыянальныя характарыстыкі адпавядаюць патрабаванням. У многіх аспектах яны нават пераўзыходзяць праектныя чаканні, што дазваляе закласці трывалы падмурак для будаўніцтва і эксплуатацыі касмічнай станцыі".

Экіпаж "Шэньчжоу-13" на касмічнай станцыі -- з сярэдзіны кастрычніка. Наперадзе ў яго амаль чатыры месяцы працы. На бліжэйшы час запланаваны яшчэ некалькі выхадаў у адкрыты космас і серыя навуковых эксперыментаў.

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ