Пасля закрыцця штогадовай сесіі УСНП прэм'ер Дзяржсавета КНР Лі Кэцян прыняў удзел у прэс-канферэнцыі
11 сакавіка ў Доме народных сходаў у Пекіне прэм'ер Дзяржсавета КНР Лі Кэцян пасля закрыцця 4-й сесіі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў 13-га склікання прыняў удзел у прэс-канферэнцыі. У ходзе мерапрыемства, якое прайшло ў фармаце відэасувязі, ён адказаў на пытанні кітайскіх і замежных журналістаў.
Кажучы аб пытаннях эканомікі, Лі Кэцян заявіў, што ў 2021 годзе Кітай працягне падтрымліваць пераемнасць і ўстойлівасць макраэканамічнай палітыкі, каб агульная функцыянаванне эканомікі захавалася ў рацыянальным дыяпазоне.
Лі Кэцян адзначыў, што з улікам гіганцкіх маштабаў кітайскай эканомікі, мэтавы паказчык па росце ВУП на больш як 6% у 2021 годзе нельга разглядаць як нізкі. Чакаецца, што менавіта такі ўзровень росту забяспечыць стабільнае аднаўленне і прасоўванне высакаякаснага сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Лі Кэцян таксама адзначыў, што Кітай будзе працягваць скарачаць «негатыўны спіс» у адносінах да замежных інвестыцый, а таксама працягне пашыраць адкрытасць знешняму свету, у тым ліку і ў сферы паслуг. Пашырэнне ўнутранага рынку Кітая адкрые велізарныя магчымасці для замежных тавараў, паслуг і інвестыцый.
Што тычыцца пытанняў занятасці, Лі Кэцян заявіў аб тым, што пашырэнне занятасці ў выніку аднаўлення нацыянальнай эканомікі будзе садзейнічаць далейшаму ўстойліваму сацыяльна-эканамічнаму росту краіны. Чакаецца, што ў 2021 годзе ў гарадах і мястэчках гарадскога тыпу Кітая будзе створана больш за 11 млн новых працоўных месцаў.
Адказваючы на пытанні аб Спецыяльным адміністрацыйным раёне Сянган, прэм'ер Дзяржсавета КНР адзначыў, што рашэнне, прынятае Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў аб удасканаленні выбарчай сістэмы ў САР Сянган, будзе спрыяць цвёрдай прыхільнасці і ўдасканаленню прынцыпу "Сянганам кіруюць патрыёты", а таксама забеспячэнню ўстойлівай і доўгатэрміновай рэалізацыі курсу "Адна дзяржава — два лады".
Лі Кэцян таксама выказаў спадзяванне, што прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства Сянгана аб'яднаюцца для найхутчэйшага дасягнення перамогі ў барацьбе з COVID-19, аднаўлення эканомікі, паляпшэння дабрабыту народа, а таксама падтрымання доўгатэрміновага росквіту і стабільнасці раёна. "Цэнтральны ўрад працягне аказваць Сянгану
ўсебаковую падтрымку", — падкрэсліў Лі Кэцян.
Кажучы аб пытаннях Тайваня, прэм'ер Дзяржсавета КНР паказаў, што кантынентальная частка Кітая вітала і вітае абмены і дыялог з усімі палітычнымі партыямі, арганізацыямі і прыватнымі асобамі з Тайваня на аснове прынцыпу адзінага Кітая і кансенсусу 1992 года.
Гаворачы аб кітайска-амерыканскіх адносінах, Лі Кэцян адзначыў, што Кітай і ЗША маюць шырокія агульныя інтарэсы, абедзве дзяржавы могуць і павінны шукаць кансенсус і супрацоўнічаць у многіх сферах.
Кажучы пра супрацьстаянне эпідэміі COVID-19, Лі Кэцян заявіў, што Кітай гатовы і далей працаваць разам з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя над вызначэннем крыніцы паходжання COVID-19.
Кітай падтрымліваў цесныя кантакты і аказваў усебаковую падтрымку дэлегацыі экспертаў СААЗ у ходзе яе працы ў Кітаі па высвятленні крыніцы паходжання віруса, адзначыў Лі Кэцян, падкрэсліўшы, што кітайскі бок пры гэтым дзейнічаў на аснове рэальных фактаў, прытрымліваючыся прынцыпу адкрытага і празрыстага ўзаемадзеяння.