Сі Цзіньпін і кіраўнікі Кубы абмяняліся пасланнямі
Генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, старшыня КНР Сі Цзіньпін на днях накіраваў ліст у адказ першаму сакратару Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы Раулю Кастра і прэзідэнту Кубы Мігелю Дыяс-Канелю, выказаўшы падзяку кубінскім кіраўнікам за іх віншаванні з нагоды поўнай перамогі Кітая ў рашучай барацьбе з беднасцю.
Сі Цзіньпін адзначыў, што Кітай і Куба з'яўляюцца добрымі сябрамі, таварышамі і братамі. За апошнія гады назіраецца бесперапыннае паглыбленне кітайска-кубінскай традыцыйнай дружбы і ўсебаковае развіццё іх дружалюбнага супрацоўніцтва. У барацьбе з эпідэміяй каронавіруса новага тыпу / COVID-19 / дзве краіны аб'ядноўвалі намаганні і аказвалі адзін аднаму дапамогу, дзякуючы чаму дружба паміж дзвюма дзяржавамі працягвае мацнець. Кітай будзе, як і раней, падтрымліваць прыхільнасць Кубы сацыялістычнаму шляху і выводзіць кітайска-кубінскія адносіны на больш высокую ступень.
На днях Рауль Кастра і Мігель Дыяс-Канель накіравалі ў адрас Сі Цзіньпіна пасланне, у якім яны ад імя Камуністычнай партыі Кубы, кубінскага ўрада і народа горача павіншавалі кітайскі бок з поўнай перамогай у барацьбе з беднасцю. Яны таксама высока ацанілі тое, што КНР пад магутным кіраўніцтвам ЦК КПК на чале з таварышам Сі Цзіньпінам дасягнула вялікіх поспехаў у ліквідацыі крайняй галечы і на дзесяць гадоў раней выканала задачы па выкараненні беднасці, устаноўленыя ў Парадку дня ААН у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Яны выказалі намер Кубы рашуча паглыбляць дружалюбнае супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. --0--