У КНР асудзілі спробы некаторых навукоўцаў дыскрэдытаваць працу экспертаў СААЗ ва Ухане
Асобныя навукоўцы робяць спробы дыскрэдытаваць вынікі сумеснай працы місіі экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) і кітайскіх спецыялістаў ва Ухане па ўсталяванні крыніцы паходжання каронавіруса. Пра гэта на днях на афіцыйнай ведамаснай прэс-канферэнцыі сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Чжаа Ліцзянь, каментуючы публікацыю амерыканскай газеты The Wall Street Journal аб нейкім намеры СААЗ адмовіцца ад публікацыі папярэдняга дакладу па выніках працы місіі арганізацыі ў КНР.
"Перш за ўсё хачу паправіць вас - Кітай і СААЗ правялі сумеснае даследаванне. Гэта было менавіта даследаванне, а не расследаванне ў дачыненні да КНР. Згаданы вамі ліст экспертаў мае на мэце ўзвесьці паклёп на Кітай і СААЗ", - сказаў дыпламат, адказваючы на пытанні журналістаў.
Як нагадаў прадстаўнік МЗС КНР, спіс экспертаў місіі СААЗ і праграма іх візіту былі сфарміраваныя гэтай міжнароднай арганізацыяй самастойна і ў поўнай адпаведнасці з рэгламентам і правіламі. Па словах дыпламата, урад КНР прадаставіў усю неабходную дапамогу ў арганізацыі візіту спецыялістаў СААЗ ва Ухань, а таксама перадаў ім значны аб'ём неабходнай інфармацыі.
"Іх высновы адлюстроўваюць кансенсус экспертаў. Яны аб'ектыўныя, абапіраюцца на навуковы падыход і маюць аўтарытэт і прызнанне ў гэтай сферы. А навукоўцы, якія згадваюцца ў СМІ, палітызуюць праблему пошуку крыніцы паходжання каронавіруса і перакручваюць высновы місіі", - сказаў Чжаа Ліцзянь. "Яны раздзімаюць пытанне пра неабходнасць расследавання, грунтуючыся на прэзумпцыі вінаватасці. Падобныя дзеянні не могуць садзейнічаць міжнароднаму супрацоўніцтву ў барацьбе з пандэміяй", - рэзюмаваў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР.