МЗС КНР: гіпотэза аб зараджэнні каранавіруса ў кітайскай лабараторыі — малаверагодная
24 навукоўцы з Еўропы, ЗША, Аўстраліі і Японіі апублікавалі адкрыты ліст, у якім гаворыцца, што палітычная падаплёка перашкодзіла працы экспертаў СААЗ у Кітаі.
Каментуючы гэтае паведамленне, афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Чжаа Ліцзянь адзначыў, што ЗША і некаторыя іншыя краіны палітызуюць праблему паходжання каранавіруса, умешваюцца ў супрацоўніцтва Кітая з СААЗ, ажыццяўляюць нападкі на Кітай, кідаючы выклік незалежнасці экспертнага меркавання і высноў навукоўцаў.
Чжаа Ліцзянь адзначыў, што «наведаўшы профільныя лабараторыі і іншыя аб’екты ў Кітаі, група экспертаў СААЗ аднагалосна прыйшла да высновы, што гіпотэза аб лабараторным паходжанні віруса — малаверагодная».
«Мы спадзяёмся, што адпаведныя краіны будуць кіравацца адкрытым падыходам і ў супрацоўніцтве з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя запросяць экспертаў СААЗ для правядзення даследаванняў на тэму паходжання каранавіруса ў ЗША, як гэта раней зрабіў Кітай», — сказаў ён.