Пачатак вакцынацыі ад COVID-19 у Пекіне для замежнікаў
На днях у кітайскай сталіцы пачалася поўнамаштабная добраахвотная вакцынацыя ад COVID-19 для замежных грамадзян ва ўзросце ад 18 гадоў. Для атрымання дозы кітайскага прэпарата замежнікам неабходна падаць заяўку і даць інфармаваную добраахвотную згоду ў сувязі з рызыкамі, якія могуць паўстаць пасля ўвядзення прэпарата, паведамілі раней у Канцылярыі па замежных справах гарадскога ўрада.
Па паведамленні ўладаў кітайскай сталіцы, замежныя грамадзяне, якія працуюць у Пекіне, могуць падаць заяўку па месцы працы, замежныя выкладчыкі і студэнты — у ВНУ, дзе яны працуюць або вучацца, а астатнія замежныя жыхары горада — па месцы рэгістрацыі. Пасля падачы заяўкі замежныя грамадзяне могуць паставіць прышчэпку ад каранавіруса ў найбліжэйшым пункце вакцынацыі, які вызначаны мясцовымі раённымі ўладамі.
Як стала вядома, поўнамаштабная добраахвотная вакцынацыя ад COVID-19 для замежных грамадзян таксама пачалася і ў Шанхаі.