У Кітаі адзначана станоўчае сальда плацёжнага балансу па бягучых рахунках за першы квартал 2021 года
У Кітаі на фоне ўпэўненага аднаўлення экспарту адзначана станоўчае сальда плацёжнага балансу па бягучых рахунках за першы квартал бягучага года -- 75,1 млрд долараў ЗША. Пра гэта сёння паведаміла Дзяржаўнае ўпраўленне валютнага кантролю КНР.
Прафіцыт гандлю таварамі за першыя тры месяцы 2021 года склаў 118,7 млрд долараў, пры гэтым аб'ём экспарту павялічыўся на 49 працэнтаў у гадавым вымярэнні ў доларавым эквіваленце, а аб'ём імпарту -- на 29 працэнтаў.
У гандлі паслугамі зафіксаваны дэфіцыт аб'ёмам 22,3 млрд долараў, што на 53 працэнты менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Апроч таго, у першым квартале зафіксаваны даволі высокі прыток прамых замежных інвестыцый, што сведчыць пра ўпэўненасць замежных інвестараў у перспектывах эканамічнага росту Кітая.