У Пекіне выдалі дазвол на выкарыстанне беспілотных аўтамабіляў-дастаўшчыкоў
У аўторак тром кампаніям быў выдадзены дазвол на выкарыстанне сваіх беспілотных аўтамабіляў для дастаўкі тавараў на спецыяльна адведзеных адкрытых дарогах г. Пекіна. Гэта першы выпадак, калі ў сталіцы КНР было дазволена выкарыстоўваць падобныя аўтамабілі.
Гігант электроннай камерцыі JD.com, кампанія па прадастаўленні анлайн-сэрвісу Meituan і вытворца аўтаномных транспартных сродкаў Neolix атрымалі ідэнтыфікацыйныя нумары для сваіх аўтамабіляў-дастаўшчыкаў на 8-й штогадовай Міжнароднай канферэнцыі ў сферы тэхналогій інтэлектуальных падлучаных аўтамабіляў, якая праходзіць з 25 па 27 траўня ў Пекіне .
Транспартныя сродкі будуць ездзіць у Пекінскай дэманстрацыйнай зоне аўтаномнага кіравання высокага ўзроўню, якая займае 60 кв. км у Пекінскай зоне тэхніка-эканамічнага развіцця ў раёне Дасін, таксама вядомай як E-Town.
Як адзначыў намеснік кіраўніка адміністрацыі E-Town Кун Лэй, у дэманстрацыйнай зоне аператары беспілотных транспартных сродкаў будуць прадастаўляць паслугі ў сферы экспрэс-дастаўкі ежы і напояў, рознічнага гандлю і інш.
У красавіку бягучага года ў Пекіне была абноўлена палітыка ў дачыненні да інтэлектуальных падлучаных аўтамабіляў у дэманстрацыйнай зоне, дзякуючы чаму на яе тэрыторыі было дазволена ажыццяўляць дзейнасць па тэставанні і эксплуатацыі новай аўтамабільнай прадукцыі, тэхналогій і мадэляў. -0-