1 чэрвеня ў Кітаі ўступяць у сілу перагледжаныя законы аб абароне непаўналетніх і аб папярэджанні правапарушэнняў сярод непаўналетніх
1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у Кітаі ўступяць у сілу два перагледжаныя законы, якія накіраваны на забеспячэнне непаўналетніх больш надзейнай абаронай як у школе, так і дома.
Гэтыя два законы прадугледжваюць стварэнне сістэмы прафілактыкі і барацьбы з булінгам сярод навучэнцаў, механізму скрынінгу псіхічнага здароўя непаўналетніх і ранняга ўмяшання, а таксама сістэмы прафілактыкі сэксуальнага гвалту і дамаганняў у дачыненні да непаўналетніх.
Школы і дзіцячыя садкі абавязаны паведамляць пра звязаныя з сур'ёзным булінгам выпадкі, выпадкі сэксуальнага гвалту ці дамаганні ў дачыненні да дзяцей у паліцыю і органы па справах адукацыі, а таксама своечасова прымаць меры па абароне ахвяраў сэксуальнага гвалту і дамаганняў у адпаведнасці з Законам КНР аб абароне непаўналетніх, прынятым у 1991 годзе і дапрацаваным ў кастрычніку 2020 года.
Працадаўцы ў галінах, якія маюць цесныя кантакты з непаўналетнімі, пры наборы персаналу павінны правяраць дасье заяўнікаў у паліцыі і пракуратуры, каб адсеяць тых, хто мае судзімасць за такія злачынствы, як сэксуальны замах, жорсткае абыходжанне, гандаль людзьмі і нанясенне цялесных пашкоджанняў.
Пастаўшчыкам анлайн-прадуктаў і сеткавых паслуг забаронена даваць непаўналетнім прадукты і паслугі, здольныя выклікаць у іх залежнасць. Павінны быць устаноўлены адпаведныя функцыі кіравання часам, дазволамі і спажываннем для непаўналетніх, якія карыстаюцца такімі анлайнавымі паслугамі і прадуктамі, як гульні, стрымінг, сацыяльныя сеткі, а таксама размешчаны ў інтэрнэце аўдыё- і відэакантэнт.
У адпаведнасці з Законам КНР аб папярэджанні правапарушэнняў сярод непаўналетніх, прынятым у 1999 годзе і перагледжаным у снежні 2020 года, непаўналетнія, прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў, але вызваленыя ад крымінальнага пакарання ў сувязі з тым, што яны не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці, могуць атрымаць спецыяльную карэкцыйную адукацыю пасля ацэнкі экспертным камітэтам.
Школы таксама павінны наймаць псіхолагаў па кантрактах на поўны або няпоўны працоўны дзень, а таксама актывізаваць кантакты і супрацоўніцтва з бацькамі або апекунамі для сумеснага паляпшэння асветніцкай працы ў галіне псіхічнага здароўя непаўналетніх.